Мусульманскія рэлігійныя ўлады абвесцілі дзейнасць па знішчэнню дзікай прыроды па-за законам

Mon, 03/17/2014 - 01:25 | Harrier

 Нядаўна адбылася безпрэцендэнтная, але шматабяцальная ў сваіх магчымасцях для захавання дзікай прыроды падзея. Ісламскія рэлігійныя ўлады Інданэзіі – краіны з самай вялікай колькасцю мусульман у Свеце – абвесцілі фатву, або рэлігійны дэкрэт, супраць браканьерства і гандлю дзікімі жывёламі. 

Найвышэйшая мусульманская рэлігійная рада Інданезіі Indonesian Council of Ulema (MUI), якая была створана ў 1975 годзе і прадстаўляе ўсе мусульманскія аб’яднанні краіны, абвесціла ў пачатку сакавіка чарговую фатву (fatwā). Фатва забараняе ўсім інданэзійскім мусульманам “усялякую дзейнасць, накіраваную на знішчэнне дзікай прыроды”. У фатве быў абвешчаны гарам (haram) (рэлігійная забарона) на гандаль дзікімі жывёламі. Гэта дае вялікую надзею, што мясцовыя законы па ахове прыроды нарэшце пачнуць эфектыўна працаваць з дапамогай рэлігійных забаронаў.

Чаму гэта важна, растлумачыў Гэйу Прабова (Hayu Prabowo), Старшыня аддзелу навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Рады MUI: “Людзі могуць парушаць законы, прынятыя дзяржавай. Але яны не могуць парушаць слова Бога”. 

Інданезійскія законы забараняюць забіваць і гандляваць ахоўваемымі відамі. Злапаныя на гэтых дзеяннях злачынцы нават могуць адправіцца на 5 гадоў у турму ці заплаціць да 100 мільёнаў рупій ($8.800) штрафу. 

Аднак на практыцы браканьеры і гандляры дзікімі жывёламі адчувалі сябе ў Інданэзіі вольна. Праведзенае ў 2009 годзе даследаванне паказала, што на 70 птушыных рынках па ўсёй краіне прадавалі 183 ахоўваемыя віды жывёл: папугаяў, пеўчых і драпежных птушак, прыматаў і іншых. 

На жаль, не толькі браканьерства і гандаль жывёламі нясуць пагрозу рэдкім і знікаючым відам. Шырока распаўсюджанае знішчэнне лясоў пад плантацыі маслянічных пальмаў акрамя непасрэднага вынішчэння лясных насельнікаў, рэзка змяншае даступныя ім месцы пражывання. 

Арганізацыі, якія займаюцца ў Інданэзіі аховай прыроды, і якія працавалі разам з Радай  MUI над распрацоўкай тэксту фатвы, прапанавалі ўключыць у яе тэкст заклік да Ўраду перагледзець выдачу дазволаў кампаніям, якія займаюцца стварэннем плантацый пальмаў для атрымання пальмавага масла. Цяпер тэкст уключае падобны заклік і дае надзею на тое, што справа аховы прыроды ў Інданэзіі будзе справай не толькі чыноўнікаў, але і 200 мільёнаў інданэзійскіх мусульман. 

 

Паводле www.news.mongabay.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

На здымку -  зародак пангаліна як мясцовы дэлікатэс (TRAFFIC).