Чаму грыфы не хварэюць, харчуючыся падаллю?

 

Грыфы і кондары маюць спецыяльна аголеныя або з кароткім пер’ем галаву і шыю, якія даюць ім магчымасць заставацца параўнальна чыстымі нават пасля харчавання ўнутры трупаў вялікіх жывёл. Ачышчаючы косткі і цэлыя трупы ад гніючага мяса і ўнутранасцяў, грыфы між іншым перашкаджаюць распаўсюджанню патагенных мікраарганізмаў на іншых жывёл. Але чаму яны самі не хварэюць ад патагенаў?

Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Genome Biology паказала, што сакрэт птушак-падальшчыкаў у іх унікальным геноме, які дазваляе мець адмысловую імунную сістэму і супер-моцны страўнік.

Грыфы і кондары могуць есці рэшткі жывёл, напрыклад, са спорамі сібірскай язвы або заражаныя вірусам шаленства – такая ежа была б лятальнай для многіх іншых жывёл, але гэтыя птушкі не маюць ніякіх ускладненняў пасля яе.

Каб знайсці адказ на гэтую загадку, навукоўцы з 14 даследчых інстытутаў аб’ядналіся і цалкам сэквенавалі геном чорнага грыфа (Aegypius monachus) і для параўнання геном арлана-белахвоста (Haliaeetus leucocephalus), а потым знайшлі, за якія бялкі, і, адпаведна, праяўленні жыццёвых функцый большасць генаў адказваюць і ці ёсць паміж імі адрозненні на генетычным узроўні, якія могуць адпавядаць за адрозенні ў асноўным складзе харчавання.

Параўнальна вялікія адрозненні былі знойдзеныя ў генах, якія адказваюць за выпрацоўку салянай кіслаты ў страўніку і тых, якія адказваюць за імунную сістэму. Такім чынам, больш канцэнтраваная кіслата ў страўніку грыфаў забівае жывых і інактывуе дзеянне ядаў мікраарганізмаў, якія харчуюцца трупамі. А моцная імунная сістэма “забівае” тых мікробаў, якія здольныя прайсці праз страўнік і ўздзенічаць на арганізм птушак.

І хаця грыфы Старога Свету і амерыканскія кондары даволі далёка знаходзяцца адны ад адных на філагенетычным дрэве, аднак падобны лад жыцця прывёў да ўзнікнення падобных адаптацый у спажыванні падалі, якія называюцца канвергентнымі.

Крыніца:

Chung O., et al. (2015) The first whole genome and transcriptome of the cinereous vulture reveals adaptation in the gastric and immune defense systems and possible convergent evolution between the Old and New World vultures. Genome Biology doi:10.1186/s13059-015-0780-4

Паводле www.news.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.ibc.lynxeds.com

 

На гэтую тэму:

Шанцы выратаваць азіяцкіх грыфаў ад знікнення моцна павялічыліся

Азіяцкія грыфы зноў пад пагрозай знікнення

Афрыканскія грыфы на мяжы знікнення

 

Comments