Афрыканскія грыфы на мяжы знікнення

 

Новае даследаванне паказала, што ўсе восем відаў афрыканскіх грыфаў хуткімі тэмпамі набліжаюцца да свайго знікнення, прычым у розных відаў папуляцыі зменшыліся на працягу жыцця толькі трох пакаленняў птушак ажно ад 70 да 97%! 

Міжнародная каманда навукоўцаў, у якую між іншымі ўваходзілі прадстаўнікі Hawk Conservancy Trust, універсітэту St Andrews і ўніверсітэту York (Вялікабрытанія), наўпрост заявіла, што паводле крытэраў МСАП усе афрыканскія грыфы заслугоўваюць прысваення статусу відаў, якім крытычна пагражае знікненне (Critically Endangered). 

Паводле ацэнак, упершыню зробленых для ўсяго афрыканскага кантыненту для вызначэння тэмпаў знікнення гэтай своеасаблівай групы драпежных птушак – падлеедаў, многія нацыянальныя паркі і рэзерваты фактычна малаэффектыўна ахоўваюць гэтыя віды. 

З-за таго, што грыфы параўнальна позна становяцца полаваспелымі і павольна размнажаюцца – выгадоўваюць адзін вывадак часцей праз год, чым штогод, гэта таксама адмоўна адбілася на іх праблемах. 

Паводле разлікаў даследчыкаў, колькасць на працягу жыцця прыкладна трох пакаленняў птушак у барадача (Gypaetus barbatus) скарацілася на 70%, сцярвятніка (Neophron percnopterus) на 92%, афрыканскага белабокага грыфа  (Gyps africanus) на 90%, грыфа Р’юппеля (Gyps rueppellii) на 97%, капскага сіпа (Gyps coprotheres) на 92%, бурага сцярвятніка (Neophron monachus) на 83%, афрыканскага вушатага грыфа (Torgos tracheliotus) на 80%, афрыканскага белагаловага грыфа (Trigonoceps occipitalis) на 96%!

Д-р Кэмпбэл Марн (Dr Campbell Murn), кіраўнік аддзелу аховы і даследаванняў у Hawk Conservancy Trust, сказаў: “Такое катастрафічнае змяншэнне колькасці афрыканскіх грыфаў павінна забіць у званы з-за важнай экалагічнай ролі падальшчыкаў, якую гэтыя птушкі адыгрываюць у здаровых экасістэмах. Калі мы не прымем хуткіх мераў каб іх выратаваць, і, асабліва прыпыніць атручванне, мы можам чакаць доўгатэрміновых адмоўных наступстваў і для афрыканскай прыроды, і для людзей”. 

Драматычнае змяншэнне колькасці было ўжо адзначана раней для чатырох відаў грыфаў у Азіі. Тым не менш, аўтары даследавання падкрэсліваюць два асноўных адрозненні паміж азіяцкай і афрыканскай праблемамі грыфаў. Па-першае, да нядаўняга часу тэмпы знікнення птушак у Афрыцы былі нашмат больш павольнымі ў параўнанні з Азіяй. 

Па другое, калі галоўнай прычынай маштабнай смяротнасці грыфаў у Азіі было масавае прымяненне анты-запаленчага леку дыклафенаку для прафілактыкі хвароб быдла, афрыканскія грыфы знікаюць па многіх прычынах. Гэтыя прычыны ўключаюць у сябе  спецыяльнае і выпадковае атручванне, нелегальны гандаль забітымі грыфамі і часткамі іх цела для традыцыйнай медыцыны, забойства для ежы (bushmeat), сутыкненне з лініямі электраперадач і паветранымі энегратурбінамі, змяншэнне і фрагментацыя прыродных месцапражыванняў, змяншэнне натуральнай ежы - колькасці трупаў дзікіх жывёл адпаведных памераў з-за змяншэння іх шчыльнасці. 

Аднак найбольшай пагрозай будучыні грыфаў у Афрыцы застаецца іх атручванне, якое адказнае за 61% вядомых прычын гібелі гэтых птушак. Часта грыфы становяцца нямэтавымі ахвярамі атручаных прынадаў, якія раскладваюцца ўладальнікамі быдла супраць драпежнікаў-звяроў. Аднак у апошнія гады атручванне менавіта грыфаў адбываецца з-за таго, што браканьеры, якія масава забіваюць сланоў ды насарогаў, адмыслова пакідаюць атручаныя прынады каб моцна зменшыць колькасць грыфаў, якія хутка з паветра знаходзяць вынікі забойстваў і паказваюць іх не толькі іншым птушкам, але і службам аховы прыроды. 

Д-р Дэрсі Огада (Dr Darcy Ogada) з Peregrine Fund (ЗША), галоўны аўтар публікацыі, дадаў: “Сытуацыя вымагае рашэння некалькіх культурных і экалагічных выклікаў. Мы прапануем шэраг рашэнняў, уключна з больш шчыльным кантролем імпарту і продажаў сельскагаспадарчых пестыцыдаў і іншых хімічных прэпаратаў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў якасці атруты. Гэта дапаможа выправіць сытуацыю не толькі з грыфамі, але і многімі іншымі жывёламі – ахвярамі быдлаводаў і браканьераў”. 

Крыніца: Darcy Ogada, Phil Shaw, Rene L. Beyers, Ralph Buij, Campbell Murn, Jean Marc Thiollay, Colin M. Beale,Ricardo M. Holdo, Derek Pomeroy, Neil Baker, Sonja C. Krüger, Andre Botha, Munir Z. Virani, Ara Monadjem and Anthony R. E. Sinclair (2015). Another Continental Vulture Crisis: Africa's Vultures Collapsing toward Extinction. Conservation Letters. Article first published online: 18 JUN 2015 DOI: 10.1111/conl.12182

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Фота грыфаў Р’юппеля і афрыканскага вушатага грыфа з www.cbpictures.com

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Хваля знікненняў вынішчае поле для эвалюцыі

Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

КОЖНЫ 5 ВІД ПТУШАК У ЕЎРОПЕ РЭДКІ АБО ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ: СЯРОД ІХ НЫРОК-СІВАК І НАВАТ ЛЫСКА!