Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

Паводле новага навуковага даследавання, тэмп знікнення розных формаў птушак павялічваецца і дасягнуў непакоячага ўзроўню.

Супольная праца прадстаўніка глабальнай асацыяцыі BirdLife International і калег з універсітэту Чарльза Дарвіна (Аўстралія) з’явілася он-лайн на старонках часопіса PLoS One.

Птушкі здаўна цікавілі навукоўцаў і падарожнікаў, таму іх распаўсюджанне і асноўныя змены колькасці ці прысутнасць дакументаваныя значна лепш, чым іншых біялагічных таксонаў такога ўзроўню. Многія віды птушак зніклі ўжо ў гістарычны час, аднак інфармацыя пра знікненне падвідавых формаў ніколі не аналізавалася ў колькасным ды параўнаўчым аспектах.

У артыкуле прааналізаваныя тэрміны, прасторавы характар, трэнды і прычыны знікнення птушак на Зямлі за апошнія 500 год. Ўсяго атрымалася сабраць звесткі пра 279 зніклых таксонах узроўню віду і падвіду: 141 монатыпічны від і 138 падвідаў політыпічных відаў.

Пік па колькасці знікненняў відаў прыпадае на пачатак ХХ стагоддзя, потым гэты ўзровень зменшыўся да сярэдзіны мінулага стагоддзя і з таго часу пастаянна нарастае.

Калі ж аб’яднаць дадзеныя па відах і падвідах, пік знікненняў прыпадае на другую палову мінулага стагоддзя. Гэты трэнд адлюстроўвае пастаяннае змяншэнне знікнення відаў на астравах з пачатку мінулага стагоддзя, аднак павелічэнне тэмпаў знікненняў на кантынентах.

 

Тэмпы знікнення монатыпічных відаў і падвідаў птушак за апошнія 500 год. Паводле Szabo et al. 2012

Большасць знікненняў сярод птушак адбылося на акіянскіх астравах (78.7% відаў і 63.0% падвідаў), найбольш масавыя сярод іх: на Гавайскіх астравах (36 таксонаў), у Аўстраліі і прылеглых астравах (29 таксонаў), на Маскарэнскіх астравах (27 таксонаў), Новай Зеландыі (22 таксоны) і на Французскай Палінезіі (19 таксонаў). Галоўныя прычыны знікнення відаў і падвідаў птушак, гэта: інвазійныя інтрадукаваныя віды (58.2% і 50.7% зніклых відаў і падвідаў адпаведна), паляванне (52.4% і 18.8%) і сельская гаспадарка (14.9% і 31.9%) – за знікненне некаторых таксонаў адказныя дзве ці больш прычынаў.

Агульная карціна па прычынах знікненняў відаў і падвідаў падобная. Тым не менш, калі ў аналіз уключыць падвідавыя формы, узровень знікненняў павялічваецца ў апошнія дзесяцігоддзі і яўна паказвае на змяншэнне біяразнастайнасці і ўстойлівасці прыродных экасістэм.

“Да нашай публікацыі лічылася, што ўзровень знікненняў запаволіўся” – сказала адна з аўтарак даследавання д-р Джудзіт Шабо (Dr Judit Szabo) з універсітэту Чарльза Дарвіна.

Аналіз пагроз паказаў, што цяпер галоўнай з іх для птушак стала дэградацыя і знішчэнне прыродных экасістэмаў пад сельскагаспадарчую вытворчасць – гэта найбольш частая прычына знікнення таксонаў птушак відавога і падвідавога рангу. Паляванне і інтрадукцыя інвазійных інтрадукаваных відаў жывёл, такіх як каты і пацукі, засталіся як галоўныя прычыны знікнення птушак у мінулым. Аднак “чалавек непасрэдна ці ўскосна застаецца адказным за знікненні відаў” – лічыць д-р Шабо.

Згодна з канвенцыяй па біялагічнай разнастайнасці (Convention on Biological Diversity (CBD)), чалавецтва ўзяло на сябе абавязкі запаволіць знікненне біяразнастайнасці да 2010 году,аднак пасля таго, як гэтай мэты дасягнуць не атрымалася, яе перасунулі на 2020 год. Яшчэ адзін саааўтар артыкула, д-р Сцюарт Батчэрт (Dr Stuart Butchart), каардынатар BirdLife International па сусветных даследаваннях, кажа,што многія віды не зніклі толькі дзякуючы мерам па іх ахове, якія атрымалася ажыццявіць. “Гэты чорны спіс мог быць нашмaт даўжэйшым каб не праца, якая праводзіцца па ўсяму свету па ахове і выратаванню відаў. Аднак мы павінны павялічыць намаганні каб пазбегнуць далейшых знікненняў, звязаных з негатыўнымі дзеяннямі чалавека”.

Крыніца:

Szabo, J K, Khwaja, N, Garnett, S T and Butchart, S H M. 2012. Global Patterns and Drivers of Avian Extinctions at the Species and Subspecies Level. PLOSONE 7: e47080.

Паводле www.birdwatch.co.uk  (тэкст і малюнак) і www.plosone.org (тэкст і графік знікненняў) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

 

 

  На малюнку: касрайскі пастушок (Porzana monasa), які быў эндэмікам аднайменнага вострава Kosrae ў групе Каралінскіх астравоў на паўднёвым захадзе Ціхага акіяну, быў апісаны па гэтых двух скурках нямецкім падарожнікам, мастаком і натуралістам Friedrich Heinrich Freiherr von Kittlitz (1799 –1874) у 1827-28 гг. Больш птушак гэтага віду ніхто не бачыў. Лічыцца, што пастушкі зніклі з-за інтрадукаваных на востраў звяроў не пазней чым у наступныя 50 год пасля іх апісання. Мастак: Julian P Hume.

 

 На гэтую тэму:

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення 

Сучасных птушак менш відаў, чым думалі Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе? Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей