Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!

 

У пачатку чэрвеня афіцыйна з’явіўся абноўлены Еўрапейскі Чырвоны спіс птушак European Red List of Birds. Яго прагляд застаўляе змешаныя пачуцці на аснове тых ведаў, якія мы маем пра птушак Беларусі – ў некаторыя высновы (статусы пагрозы знікнення) цяжка паверыць і пагадзіцца з імі.  

Пасля трохгадовай працы, міжнародны кансорцыюм навукоўцаў і прадстаўнікоў арганізацый па ахове прыроды, які ўзначальвала глабальная асацыяцыя BirdLife International, падрыхтаваў Чырвоны спіс для еўрапейскіх птушак – 2015. Праца фінансавалася Еўрапейскай камісіяй.  

Пры ацэнцы імавернасці пагрозы знікнення для розных відаў птушак выкарыстоўвалася методыка, якую выкарыстоўвае Міжнародны саюз па ахове прыроды (International Union for Conservation of Nature (IUCN). Гэтая методыка шырока прызнаная як найбольш адпаведная і аб’ектыўная.  

Увесь Спіс падзелены на два геаграфічныя рэгіёны: краіны Еўразвязу (за выключэннем Харватыі) і кантынент Еўропа (з Грынландыяй, Турцыяй, Беларуссю, Украінай, Еўрапейскай часткай Расіі і іншымі краінамі Еўропы, якія не ўваходзяць у ЕЗ). Такім чынам, статус для кожнага віду таксама падаецца для гэтых двух рэгіёнаў, прычым часам рэдкія ў Еўропе ў цэлым віды вельмі рэдкія ці знікаюць у краінах ЕЗ, але вельмі рэдка наадварот.

Самыя важныя высновы і лічбы гучаць наступным чынам: 

13 % (67 відаў) з 533, сучасны стан якіх ацэньваўся для Еўропы, маюць вельмі вялікія шанцы знікнуць на нашым кантыненце ўжо ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. З іх 10 маюць статус Крытычна паграемых (Critically Endangered), гэта крэчатка, стрынатка-дуброўнік, танкадзюбы кулён і балеарскі буравеснік. Яшчэ 18 відаў маюць статус тых, якім Пагражае знікненне (Endangered) і 39 відаў Уразлівыя (Vulnerable).

усяго 29 відаў былі ацэнены экспертамі як тыя, якія пагоршылі свой ранейшы статус з 2004 году і павялічылі імавернасць знікнення (мелі ў Еўропе статус  Least Concern (не выклікаючыя хвалявання), цяпер жа атрымалі статус Тhreatened або Near Threatened (знікаючых або амаль знікаючых)). Сярод іх такія нашы віды, як звычайная туркаўка, крывок, лугавы свірстун, пардва і нырок-сівак. Некаторыя віды птушак, сярод іх гняздуючыя ў нас вяртлявая чаротаўка, кнігаўка, вялікі арлец за мінулае ад папярэдняй ацэнкі дзесяцігоддзе не змянілі свайго кепскага стану на нашым кантыненце.

палепшылі свой стан у Еўропе і могуць тут лічыцца як Least Concern in Europe (хаця некаторыя заставацца Глабальна пагражаемымі ! (globally threatened)) такія віды птушак, як белавокі нырок, кулік-палянік, чорны каршун, стэпавая пустальга, канюх-курганнік, чайканосая крычка, чорнаваллёвы гагач ці дроп. Яшчэ 25 відаў зменшылі рызыку свайго знікнення ў бліжэйшае дзесяцігоддзе і змянілі статус на менш пагражаемы.  

Віды, якія зарэгістраваныя ў Беларусі і маюць нейкі пагражаемы статус у новым Чырвоным спісе птушак Еўропы:

CR: крэчатка, стэпавы арол – вядомы адзінкавыя залёты ў Беларусь;

EN: гусь-піскулька, вялікі арлец – першы від рэгіструецца пад час міграцый нават не штогод, другі ў невялікай колькасці гняздуе ў нашай краіне;

VU: кнігаўка, нырок-сівак, вялікі грычун, звычайная туркаўка – шматлікія і звычайныя на гнездаванні ў Беларусі; вялікі грыцук, пардва, крывок, вялікі кулён, вяртлявая чаротаўка, зімародак – рэдкія або вельмі рэдкія ў нас на гнездаванні віды; нырок-плёсаўка, маранка, нырок-свірок, чырвонаваллёвік, сокал-балабан – нешматлікія пад час рэгулярных залётаў ці міграцый; звычайная гага, трохпалая чайка, беладзюбы гагач – выпадкова залётныя ў нашу краіну;

NT: белабровы дрозд, лугавы свірстун, лыска – шматлікія і шырокараспаўсюджаныя ў Беларусі віды; чайка-клыгун, сокал-шулёнак, чырвоны каршун, малая чайка, палявы лунь, даўганосы савук – рэдкія або вельмі рэдкія на гнездаванні ў нашай краіне віды; стэпавы лунь, чырвонаваллёвая казарка, чырвонашыйная коўра – выпадкова залётныя ў Беларусь.

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чырвонага каршуна Мікалая Гулінскага

 

На гэтую тэму:

Новы Чырвоны спіс Беларусі: выключаны два і дададзены адзін від птушак

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Хваля знікненняў вынішчае поле для эвалюцыі

Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

   
Дадатак Памер
European Birds RedList - BirdLife publication -2015.pdf5.05 МБ 5.05 МБ

Comments