Пераацэнка колькасці і статусу: на Зямлі 10425 відаў птушак, кожны 6-ы пад пагрозай знікнення

Sat, 08/02/2014 - 14:17 | Harrier

 Больш чым 360 новапрызнаных відаў птушак упершыню былі ацэненыя экспертамі глабальнай асацыяцыі BirdLife International ад імя Міжнароднага саюзу аховы прыроды для новай рэдакцыі Міжнароднага Чырвонага спісу (The IUCN Red List of Threatened Species). Аказалася, што фактычна кожны чацвёрты з іх мае вялікія шанцы знікнуць ужо ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі ў параўнанні з кожным шостым відам у сярэднім для усіх птушак. 

Паводле новай класіфікацыі сярод невераб’іных птушак быў прызнаны паўнавартасным яшчэ 361 від, якія раней лічыліся падвідамі або мофамі іншых відаў. Такім чынам, цяпер колькасць невераб’іных прадстаўнікоў класу Птушкі павялічылася да 4472 відаў.  

Новапрызнаныя віды птушак, такія як бялемскі курасаа Belem Curassow (Crax pinima) з Бразіліі і дэзерцкі тайфуннік Desertas Petrel (Pterodroma deserta) з в.Мадэйра былі адразу прызнаныя глабальна знікаючымі (Globally Threatened). Яшчэ адзін новапрызнаны від – блакітнабароды калібры Blue-bearded Helmetcrest (Oxypogon cyanolaemus) з Калумбіі ніхто не бачыў апошнія амаль 70 гадоў.

Дагэтуль паўнавартасным відам лічылі толькі адзін від афрыканскіх страўсаў. Цяпер за асобны від прызнаны і самалійскі страус  Somali Ostrich (Struthio molybdophanes), які сустракаецца ў Самалі, Эфіопіі, Джыбуці і Кеніі. Яго папуляцыя хутка змяншаецца з-за паляванняў, збору яек і іншых формаў пераследавання і від атрымаў статус Vulnerable. 

"Апошняя пераацэнка відавога статусу для ўсіх птушак таксама дазволіла больш дакладна вызначыць ахоўны статус для кожнага віду, а таксама месцы, дзе знікаючыя віды жывуць і патрабуюць прыярытэтных дзеянняў па іх захаванні” – сказала Джэйн Смарт (Jane Smart), глабальны дырэктар групы МСАП па захаванню біяразнастайнасці (IUCN Biodiversity Conservation Group). 

Цяпер агульная лічба відаў птушак, якія прызнае BirdLife, складае 10 425. Падзел па катэгорыях з розным статусам наступны: Зніклыя (Extinct) - 140 (10 285 без зніклых відаў); Зніклыя ў прыродзе (Extinct in the Wild) - 5; Крытычна пагражаемыя (Critically Endangered) - 213; Знікаючыя (Endangered) - 419; Уразлівыя (Vulnerable) - 741; Блізкія да знікнення (Near Threatened) - 959; Не выклікаюць непакою (Least Concern) – 7 886; Недахоп дадзеных для ацэнкі (Data Deficient) - 62. 

Коратка ўсе прыродаахоўныя статусы IUCN тлумачацца наступным чынам:

Extinct (EX) – невядомыя жывыя асобнікі (як мінімум апошнія 100 год).

Extinct in the wild (EW) – вядомыя толькі асобнікі, якія жывуць ва ўмовах няволі, або якія як натуралізаваная папуляцыя існуюць па-за гістарычнымі межамі распаўсюджання. 

Critically endangered (CR) – Вельмі вялікая рызыка знікнення ў прыродзе. 

Endangered (EN) – Высокая рызыка знікнення ў прыродзе. 

Vulnerable (VU) – Высокая рызыка стварэння пагрозы знікнення ў прыродзе. 

Near threatened (NT) – Могуць стаць знікаючымі (EN) ў бліжэйшай будучыні.

Least concern (LC) – Невялікая рызыка існаванню. Звычайна ў гэтую катэгорыю трапляюць шырокараспаўсюджаныя і(або) віды з вялікай колькасцю. 

Data deficient (DD) – Не хапае дадзеных для правядзення ацэнкі рызыкі знікнення. 

·Not evaluated (NE) – Ацэнка паводле крытэрыяў яшчэ не праводзілася.  

 

Самы высокі ахоўны статус сярод птушак, адзначаных у Беларусі - EN, маюць віды, якія не гняздуюць у нас і або адзначаны толькі двойчы (стрынатка-дуброўнік), або назіраюцца практычна штогод, але ў вельмі малой колькасці: чырвонаваллёвая казарка і нырок-свірок.

У катэгорыі VU як віды, якія гняздуюць у нас: вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, так і залётныя: гусь-піскулька і нырок-маранка. 

Да блізкай, але больш нізкай катэгорыі небяспекі знікнення NT адносяцца гняздуючыя ў Беларусі чырвоны каршун, вялікі грыцук, дубальт, сіні сіваграк, белавокі нырок і вялікі кулён. А таксама пастаянна адзначаны на пралёце сокал-шулёнак, які рэгулярна гнездаваў у Беларусі прыкладна да 1950-х гадоў і стэпавая ціркушка – від, адзначаны на гнездаванні толькі аднойчы ў 1971 годзе і часам заўважаны на пралёце.

Нагадаем, што ў апошні Чырвоны спіс Беларусі, які афіцыйна апублікаваны ў другой палове ліпеня, занесены 70 відаў птушак.

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

 

Здымак вяртлявай чаротаўкі Сяргея Зуёнка

 

На гэтую тэму: 

 МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ

 Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

 Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення

 Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

 МУСУЛЬМАНСКІЯ РЭЛІГІЙНЫЯ ЎЛАДЫ АБВЕСЦІЛІ ДЗЕЙНАСЦЬ ПА ЗНІШЧЭННЮ ДЗІКАЙ ПРЫРОДЫ ПА-ЗА ЗАКОНАМ

 НОВЫ ЧЫРВОНЫ СПІС БЕЛАРУСІ: ВЫКЛЮЧАНЫ ДВА І ДАДАДЗЕНЫ АДЗІН ВІД ПТУШАК

 У ІНДАНЕЗІІ АДКРЫТЫ І АПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК

 СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!