Сенсацыя – у Амазоніі знойдзены 15 новых відаў птушак!

 У нашым тысячагоддзі навукоўцы апісвалі ў сярэднім 7-8 новых відаў птушак штогод. І хаця лічбы для іншых таксонаў значна большыя, часам на некалькі парадкаў (адкрыцці 2009 году ўключаюць 7 новых відаў птушак, 41 звяроў, 120 відаў рэптылій, 148 відаў амфібій, 314 відаў рыб, 626 відаў ракападобных і 9.738 відаў насякомых. За той жа перыяд часу апісаны 1.360 відаў невядомых для навукі грыбоў і 2.184 новых відаў раслін), часам і для гэтай добра вывучанай групы здараюцца сапраўдныя прарывы. 

Напэўна, не зусім дзіўным будзе толькі месца знаходак – паўднёвая Амазонія. Бо, як вядома, кожныя тры дні ў Амазоніі апісваюць новы від. Сёлета ў паўднёвай Бразіліі арнітолагі змаглі адзначыць ажно 15 невядомых для навукі відаў птушак!

Апошняе адкрыццё такога маштабу адбылося 142 гады таму – тады, ў 1871, у Бразіліі апісалі ажно 40 новых відаў.  

"Апісаць новы від – няпростая задача”, сказаў Луіс Сільвейра (Luis Silveira) з універсітэту São Paulo (Бразілія) ў інтэрвью Wired. "Прадстаўніком новага віду птушка можа лічыцца, калі адпавядае як мінімум двум з трох асноўных крытэраў: мае (афарбоўку) апярэння, голас і генатып, якія значна адрозніваюцца ад ужо вядомых і блізкіх ёй відаў”. 

Новаадкрытыя віды застаюцца пакуль без фармальных навуковых назваў, таксама невядомыя і поўныя арэалы ўсіх новых відаў. Адкрыўцы спадзяюцца, што відавыя нарысы разам з фармальнымі назвамі на лаціне з’явяцца ўжо ў ліпені ў адмысловым томе кніжнай серыі Handbook of Birds of the World, прысвечаным новаапісаным відам птушак. Шматтомная серыя выдатна ілюстраваных кніг пра ўсіх птушак Свету выходзіць з 1992 г., сёлета ўжо з’явіўся перадапошні 16 том. Для некаторых з новаадкрытых у Бразіліі відаў адсутнічаюць здымкі, але яны будуць прадстаўлены ў кнізе малюнкамі. 

Адкрытыя ў бразільскай паўднёвай Амазоніі (штатах Amazonas, Pará, Acre, Rondônia і Mato Grosso), 11 новых відаў вядомыя цяпер толькі для бразільскіх лясоў, тады як 4 іншыя таксама сустракаюцца ў Перу і Балівіі. Новыя віды гэта: 4 віды надрэўных паўзункоў (woodcreepers), 5 мурашыных птушак (antbirds), 3 віды тырантаў (tyrants), 1 від пуховак (puffbird), 1 від камараловаў (gnatcatcher) і 1 від варонаў – усе разам новыя віды павялічваюць прыкладна на 1% колькасць вядомых да гэтага відаў птушак Бразіліі.

На жаль, чатыром новаадкрытым відам ўжо пагражае знікненне – асабліва новаму віду варон. Маштабнае знішчэнне лясоў, ад якіх залежыць існаванне многіх новых (і не толькі) відаў – даволі звычайная справа ў некаторых штатах Бразіліі. 

"Месцапражыванні новаадкрытага віду варон знаходзяцца пад пагрозай знішчэння і мы можам страціць гэты від да таго, як зможам яго вывучыць больш падрабязна” – сказаў Марыо Кон-Гафт (Mario Cohn-Haft), даследчык з нацыянальнага інстытуту даследаванняў Амазоніі (National Institute for Amazonian Research (INPA)). 

Фантастычнае адкрыццё на гэтай тэрыторыі Амазоніі 15 новых відаў птушак яшчэ раз даказвае немагчымае для перааценкі значэнне ўсяго рэгіёну для захавання біяразнастайнасці. 

 

Паводле  www.news.mongabay.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by   Здымкі з www.magblog.audubon.org       На гэтую тэму:

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !

Новы від птушак апісаны ў Перу Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах  Новы від птушак адкрыты на Барнэа

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ Ў ЛАОСЕ 

Новы від птушак апісаны ў ... Еўропе!