Рэгіён усходніх Андаў у Перу “падарыў” навукоўцам новы від кабезона з роду Capito, вельмі блізкі да пурпурова-стужкавага кабезона Scarlet-banded Barbet – рэдкага віду з вельмі абмежаваным арэалам, які распаўсюджаны каля 300 км далей на поўнач. Новы від названы кабезон Сіра Sira Barbet C. fitzpatricki.
Новы від быў адкрыты пад час групавога даследавання паўднёвай часткі рэгіёну Cerros del Sira, дзе экспедыцыя шукала месца для летніка ў пойме ракі Río Tzipani. Майкл Джы Гарвэй (Michael G. Harvey) першым адзначыў невядомы від кабезона яшчэ 8 кастрычніка 2008 году, калі ўбачыў яго ў змешанай чародцы птушак разам з пурпурова-стужкавымі кабезонамі C. wallacei ў горным лесе.
На працягу наступнага тыдня каманда даследчыкаў знайшла таксама невядомы від і ў іншых месцах недалёка ад першага. Было здабыта 8 птушак, з якіх былі падрыхтаваныя скуркі, якія захоўвалі ў этаноле. Акрамя гэтага, атрымалася зрабіць шматлікія экалагічныя і эталагічныя назіранні. Кабезон Сіра адрозніваецца адблізкага віду пурпурова-стужкавага кабезона чырвоным пер’ем па баках цела, больш шырокай стужкай чырвонага колеру на грудзях, а таксама значна больш белаватымі пер’ямі на голені. Памеры новага віду прапарцыйна большыя. Новаапісаны від не перакрываецца арэлам з раней вядомым кабезонам, аднак некалькі запісаных прыкладаў голасу гучаць вельмі падобна. На жаль, ступень рэпрадуктыўнай ізаляцыі зразумець пакуль не атрымалася.Агульны арэал новага віду аценьваецца прыкладна ў 300 кв км, часткова ён насяляе рэзерват Sira Communal Reserve, аднак павелічэнне навокал капальняў і нарыхтоўкі леса змушае прызнаць яго статус пагражаемым.
Цікава, што сваю навуковую назву новаапісаны від атрымаў у гонар не толькі яшчэ жывога, але і актыўна працуючага арнітолага д-ра Джона Фіцпэтрыка (John W. Fitzpatrick), які з 1995 году ачольвае лабараторыю арніталогіі ў Карнельскім універсітэце (ЗША). Між іншым, ён працаваў як куратар калекцыі птушак у Field Museum of Natural History (Чыкага) з 1978 па 1989 г. У 1985 Джон атрымаў самую высокую для даследчыка адзнаку Амерыканскага звязу арнітолагаў American Ornithologists' Union (AOU) - Brewster Award, за кнігу і шматлікія навуковыя артыкулы па дэмаграфіі, сацыяльным паводзінам і ахове пагражаемага віду фларыдзкай хмызняковай сойкі. Фіцпэтрык кіраваў многімі экспедыцыямі ў аддаленыя раёны Паўднёвай Амерыкі, асабліва яго цікавіла заходняя Амазонія і Анды. Ён апублікаваў шмат артыкулаў па птушках неатропікаў, між іншым быў адным з аўтараў кнігі Neotropical Birds: Ecology and Conservation (Univ. Chicago Press, 1996) і апісаў там 7 новых відаў. Крыніца: Seeholzer, G F, Winger, B M, Harvey, M G, Cáceres, A D and Weckstein J D. 2012. A new species of barbet (Capitonidae:Capito) from the Cerros del Sira, Ucayali, Peru. The Auk 129: 551-559
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Малюнак з www.novataxa.blogspot.com
На гэтую тэму:
Новы від птушак апісаны ў ... Еўропе!
Бёдуотчары зноў адзначылі невядомы для навукі від птушак?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ