Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах

 Ажно два раней невядомых для навукі віды соваў былі апісаныя на Філіпінах. 

Яны былі адкрытыя пасля шматгадовых арніталагічных даследаванняў, пад час якіх аналізаваліся галасы соваў, якія першапачаткова адносілі да філіпінскай шуляковай савы Philippine hawk-owl (Ninox philippensis). (Гэты від цяпер прызнаецца аб’ядноўваючым 7 блізкакрэўных відаў.) 

“Больш чым 15 год таму мы зразумелі, што на Філіпінах жыве невядомы падвід савы з роду Ninox” – сказала Пэм Расмусэн (Pam Rasmussen) з Мічыганскага дзяржуніверсітэту – галоўны аўтар артыкула пра адкрыццё, які з’явіўся ў апошнім нумары часопіса азіяцкай арніталогіі Forktail. “Аднак да мінулага году ў нас не хапала запісаў голасу, каб пацвердзіць, што гэта не толькі новыя падвіды, але два новыя віды соваў”.

Першы з новых відаў – камігуінская шуляковая сава Camiguin Hawk-owl (Ninox leventisi), была знойдзена толькі на невялічкім востраве Camiguin Sur, які знаходзіцца ля паўночнага ўзбярэжжа Mindanao. Другі новы від – цэбская шуляковая сава Cebu Hawk-owl (Ninox rumseyi). Да нядаўняга часу яе лічылі вымерлай з-за шырокамаштабных высечак першасных лясоў на востраве Цэбу. Аднак цяпер стала вядома, што птушкі яшчэ сустракаюцца ў невялікіх рэштках лясоў на востраве. 

Іншыя віды шуляковых соваў, якія раней лічыліся падвідамі лузонскай шуляковай савы Luzon Hawk Owl (Ninox philippensis), гэта: міндорская Mindoro Hawk Owl (N. mindorensis), рамблонская Romblon Hawk Owl (N. spilonota), мінданайская Mindanao Hawk Owl (N. spilocephala) і сулуйская шуляковыя совы Sulu Hawk Owl (N. reyi). 

На сённяшні дзень каля 90% першасных лясоў на архіпелагу знішчаны людзьмі для драўніны і стварэння сельгасземляў. 

Крыніца:

LISA MARIE J. PAGUNTALAN et al.. Bird observations on the Zamboanga Peninsula, Mindanao, Philippines. Forktail 27, August 2011. 

Паводле www.news.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На малюнку зверху Cebu Hawk owl. Знізу: Camiguin Hawk owl. Аўтар - John Gale (Oriental Bird Club).