З пятніцы, 17 ліпеня 2014 году, пасля апублікавання ўступіла ў сілу пастанова Мінпрыроды “Аб ўстанаўленні спісаў рэдкіх, і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь відаў дзікіх жывёл і дзікарастучых раслін, якія ўключаюцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь”.
Першае выданне Спісу і адпаведна з ім Чырвонай кнігі адбылося ў далёкім 1981 годзе, другое – ўжо ў незалежнай Беларусі ў 1993. Звычайна пастанова апярэджвае выданне Чырвонай кнігі на 2 гады. Таму трэцяя нацыянальная Чырвоная кніга выйшла з друку ў 2006 годзе, а Спіс у пастанове – ў 2004. Цяпер чакайма на абноўленую Чырвоную кнігу ў 2016 годзе.
За мінулыя 10 год у склад нашай арнітафауны дадаліся некалькі новых відаў, але стан толькі двух з чырвонакніжных быў прызнаны добрым на столькі, што вялікую белую чаплю і белашчокую рыбачку выключылі з Чырвонага спісу. Дадаўся ў Спіс толькі адзін від – гуменная стрынатка, які цяжка назваць сапраўды “новым”. Бо від знаходзіўся ў Чырвонай кнізе папярэдніх выданняў. Такім чынам, з 72 відаў папярэдняга Чырвонага спісу (шэрая гусь была выключана з яго пад моцным ціскам паляўнічых на чале з былым прэм’ер-міністрам Сідорскім) у новым Спісе стала 70 відаў.
Сапраўды, за апошняе дзесяцігоддзе вялікая белая чапля (Egretta alba) імкліва засяліла ўсе вобласці нашай краіны, падцверджваючы агульнаеўрапейскі трэнд па павелічэнню сваёй колькасці. Хаця першыя выпадкі гнездавання віду ў Беларусі адзначаліся з сярэдзіны 1980-х гг., рэгулярна від пачаў гнездаваць у нас з 1993 году. Прычым у значна большай колькасці сустракаюцца на вадаёмах і вадатоках негняздуючыя асобіны. Некаторыя птушкі нават сталі заставацца ў нас на зімоўку.
Белашчокая рыбачка (Chlidonias hybridus) ўпершыню адзначана на гнездаванні ў нашай краіне толькі ў 1987 годзе. Пасля гэтага яна, часта змяняючы месцы гнездавання, таксама стала павялічваць сваю колькасць і цяпер вельмі дыфузна сустракаецца фактычна па ўсёй Беларусі.
Што тычыцца гуменнай стрынаткі (Emberiza calandra), новага старага чырвонакніжнага віду, то колькасць яе ў нас наўрацці кардынальна змянілася (мяркуючы хаця б па Гарадзеншчыне). Аднак від моцна звязаны з рудэральнай расліннасцю і астраўкамі сельгасзямель, якія па нейкай прычыне не апрацоўваюцца. З паступовай інтэнсіфікацыяй сельскай гаспадаркі ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі (дзе колькасць віду найбольшая і дзе праходзіць мяжа распаўсюду віду), калі былыя калгасы стараюцца выкарыстаць пад ворыва нават прыдарожныя землі, раней занятыя лесаполасамі, паноўнае ўключэнне віду ў Чырвоны спіс выглядае лагічным.
Аднак яўнай нашай паразай выглядае неўключэнне ў Спіс рэдкіх і знікаючых птушак шэрай гусі (Anser anser), папуляцыя якой за мінулыя гады не павялічылася (у мінулым выданні Чырвонай кнігі яе колькасць ацэньвалася ў 100-200 пар!) і якая ў многіх месцах зусім легальна выбіваецца паляўнічымі і ўвесну, і ўвосень.
Другая птушка, ўключэнне якой давала б хаця б нейкі шанс на яе захаванне хаця б у нашай краіне – заходнееўрапейскі падвід глушца (Tetrao urogallus major), які знаходзіцца на мяжы знікнення ў краінах Еўропы, ў нас насяляе толькі Заходнюю Беларусь і тут пад наступам лесазагатовак спелых лясоў і паляўнічых паступова знікае.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by Здымак гуменнай стрынаткі аўтара
На гэтую тэму:
ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯТэмпы знікнення птушак паскараюцца
Attachment | Size |
---|---|
Red Data book list 2014 BY.pdf256.65 KB | 256.65 KB |
КАМЕНТАРЫ