Два цікавых назіранні за шэрымі варонамі за адзін дзень

Мне неяк шанцуе на цікавыя назіраньні за нашымі самымі разумнымі суседзямі - шэрымі варонамі. Некалькі больш ранніх можна паглядзець тут:

Варона і жук

Што схавАла варона?

Незвычайнае паляваньне

Як варона не пасьнедала

Шэрая варона: памылка ці гульня?

Сёння ізноў, але гэтым разам са студэнтамі падчас практыкі, ўбачыў як варона гуляла з любімым каменчыкам – прыляцела, трымаючы яго ў дзюбе і 4 ці 5  разоў кідала з рознай вышыні на дарогу з пліткі паміж Нёманам і замкамі. Часам са слупа асвятлення, а часам з палёту. І адразу кідалася падымаць яго пасля адскокаў. На жаль, здымкі зрабіць не атрымалася, але яны былі б аналагічныя гэтым. Толькі што каменьчык быў троху меншы і амаль правільнай круглай формы- як белы мячык.

 

Другая цікавая сустрэча адбылася ўвечары пад час вяртання дадому на аўто– мы здалёк заўважылі шэрую варону, якая стаяла на тратуары побач з некім збітым і распластаным на дарозе каля базару. Спачатку мы думалі, што гэта спроба пад’есці нейкую ахвяру дарожнага руху, аднак калі пад’ехалі бліжэй, то ўбачылі, што варона стаіць побач са збітай іншай варонай! Выглядала, як бы птушка развітвалася з некім блізкім ёй, хутчэй за ўсё партнёрам…

 

Кропка назірання

Каментары

Жанна (госць) - 29.06.2016 - 12:38

Спасибо. Любопытно. А меня не так давно наблюдение за одной вороной ввело в ступор! Ворона возле подъезда потрошила чей-то пакет с мусором (повезло птичке, хлебушек в пакете оказался). Так вот, достала кусочек, положила рядом с пакетом....второй достает....ровненько на первый укладывает! и третий туда же, и четвертый....Вот такой аккуратный бутерброд получился. Спокойно берет клювом и улетает!

А еще они неоднократно заигрывали с моим песиком, той-терьером, по размеру почти такие же, поэтому не боятся, так и норовят за хвост потянуть! 

Так, вельмі разумныя птушкі! Калі дарослыя птушкі гуляюць, значыць яны навучыліся атрымліваць эндарфін ці сератанін (задавальненне) ад гэтага.

І гэта адна з рысаў, якая даказвае (вялікі) інтэлект.

Нечаканы працяг. Учора на мяне праз заапаркаўскага сябра выйшла міліцыя) Аказалася, што адзін с пенсіянераў зрабіў званок на 102 з просьбай разабрацца, хто кінуў камень на яго прыпаркаваную ў двары ў цэнтры гораду машыну. Пытанне міліцыянера было наступным: ці могуць вароны блытаць грэцкія арэхі з камянямі і ці магла гэта быць птушка - менавіта варона - як ім пасля апытання магчымых сведкаў сказала адна з жанчын з гэтага ж дому.

Я пацвердзіў, што гэта можа быць і хутчэй за ўсё і была варона. Аднак яна нічога не пераблытала і проста гуляла з камнем. Як гэта ў іх адбываецца - чытайце вышэй і па спасылцы.

Гэты міліцыянер пад'ехаў да мяне дахаты і напісаў паводле маіх тлумачэнняў як эксперта-арнітолага пратакол (?) на 2 старонкі (!) - гэта першая падобная "справа" ў маім жыцці. Пенсіянер думаў, што гэта нехта хуліганіць і кінуў камень на дах яго аўто, ад чаго застлася невялікая ўмяціна, але аказалася, што наўрацці акрамя птушак гэта мог нехта зрабіць. Аднак выклік міліцыі быў зафіксаваны і так проста яго спісаць яны не могуць. Міліцыянт паказаў мне гэты камень (ён быў запячатаны ў каперце з подпісамі панятых!) - вось як ён выглядае:

каменчык вароны