Шэрая варона: памылка ці гульня?

 Мне неяк шанцуе на цікавыя назіраньні за нашымі самымі разумнымі суседзямі - шэрымі варонамі.

Некалькі больш ранніх можна глянуць тут:

Варона і жук

Што схавАла варона?

Незвычайнае паляваньне

 

Як варона не пасьнедала

Вось яшчэ адно - без пэўнага заканчэньня, але з пытаньнем.

21 мая я, як звычайна, шпацыраваў уздоўж Нёмана ў центры Горадні са сваім сабачкам. Маю ўвагу прыцягнула варона, якая прыляцела праз Нёман з нечым у дзюбе. Яшчэ ў палёце яна раскрыла дзюбу і гэтае "нешта" бразнулася з метраў 10-12 на плітку!

Я быў без бінокля, але з фотаапартам і вырашыў хаця б праз здымкі зразумець - што хацела разбіць варона?

Ад удару аб'ект адскочыў і апынуўся ў траве за пліткай. Варона адшукала яго і там:

Здалёк невядомы лятаючы аб'ект (=UFO:) падаўся мне вінаградным смаўжом - светлы і акрyглай формы, ды і памеры пасавалі. Але чаму ён не разбіўся пры ўдары аб плітку? Гэтага я не мог зразумець і па меры магчымасьці сачыў за варонай і рабіў здалёк здымкі. 

А птушка не здавалася і раз за разам кідала UFO і адшуквала-падбірала:

Раз за разам мы набліжаліся да старага маста, адкуль птушка (разам з UFO) адляцела так, што больш за ёй я сачыць не змог...

Ужо дома на маніторы кампутара я разгледзеў, з чым "змагалася" варона  - гэта аказаўся камень, падобны формай ды колерам на яйка птушкі. І цяпер я зусім не ўпэўнены ў тым, што варона памылілася і спрабавала разбіць "яйка" - можа яна так гуляла і трэніравала свае разбіваючыя і пашуківаўчыя здольнасьці?

 

 

Кропка назірання

Каментары

 Сапраўды цікава! У нас на заводзе таксама ёсць кемлівая варона. Трэці год запар крадзе птушанят шпакоў з-пад шыфернага даху цэха. Калі не галодная, перахоўвае здабычу пад іншы дах. А так, калі добрае надвор'е - ляжыць большую частку дня на пузе, а галаву звешвае ўніз каб назіраць за шпакамі. Разумнейшыя яны птушкі...

 Вельмі цікавыя назіраньні. Я толькі аднойчы бачыў нешта падобнае. Колькі гадоў таму мы мелі семінар для лідэраў АПБ у прафілакторыі "Купалінка", які змешчаны ў саснова-дубовым лесе недалёка ад берагу Нёману. Быў як раз перапынак на каву-гарбату, мы выйшлі на вялікі балкон, насупраць якога ў сасновым дупле вывелі птушанят шпакі. Птушаняты былі ўжо вялікія і час ад часу высоўваліся з дупла, каб паглядзець на свет навокал. Як толькі адзін з іх высунуўся чарговы раз, падляцела варона і схапіла яго. Ўсе мы былі ў шоку ад спрыту і кемлівасьці птушкі.