Вялікія дзюбы дапамагаюць птушкам у тэрмарэгуляцыі

Калі летнія тэмпературы перакрочаць адзнаку ў 40°C  у пустыні Калахары (Kalahari) ў Паўднёвай Афрыцы, мясцовыя птушкі павінны знайсці спосаб пазбегнуць перагрэву. Паводле нядаўна апублікаванага даследавання, паўднёвым жоўтадзюбым птушкам-насарогам (Tockus leucomelas) вельмі дапамагае іх вялізарных памераў дзюба.  

У свеце птушак існуе вялікая разнастайнасць формаў, велічыні і афарбоўкі дзюбаў, якая адпавядае звычайна харчаванню і спецыялізацыі ў ежы. Не так даўно навукоўцы знайшлі, што вялікія па памерах дзюбы ў туканаў могуць таксама выконваць важную ролю цеплаабменнікаў для падтрымання адпаведнай тэмпературы цела ў спёку.

У адрозненне ад большасці відаў звяроў, птушкі могуць адляцець на некаторую адлегласць ці мігрыраваць  у месцы з больш адпаведнай тэмпературай. Аднак яны часцей выбіраюць застацца і падтрымліваюць сваю тэмпературу з дапамогай выпарэння вадкасці з ратавай поласці або павелічэння звароту крыві ў паверхні неапераных частак цела. Туканы былі знойдзены вельмі эфектыўна выкарыстоўваючымі для гэтага свае вялізарныя дзюбы – калі тэмпература паветра падымалася вышэй 28°C, прыкладна да 60% цеплааддачы адбывалася менавіта праз дзюбу.

Падобна да туканаў, птушкі-насарогі маюць непрапарцыйна вялікія адносна памераў іх цела дзюбы. Каманда навукоўцаў з Інстытуту афрыканскай арніталогіі  з універсітэту Кэйптаўна  (University of Cape Town) вырашыла праверыць гіпотэзу пра ўдзел дзюбаў птушак-насарогаў у тэрмарэгуляцыі. У пустынных умовах з высокімі тэмпературамі і недахопам вады менавіта такі – невыпаральны – спосаб тэрмарэгуляцыі выглядае найбольш адпаведным.

Каб праверыць гэта, Таня ван дэ Вен (van de Ven) з калегамі сачылі за 18 дзікімі птушкамі-насарогамі з дапамогай тэрмавізійных камер пад час павелічэння дзённай тэмпературы паветра. Паводле атрыманых дадзеных, дзюбы былі адказныя за 8-20% невыпаральнай цеплааадачы.  

Такім чынам аказалася, што вялікія дзюбы граюць вялікую ролю ў тэрмарэгуляцыі птушак розных тыпаў экасістэм, дзе па розных прычынах выпаральная цеплааддача не можа быць эфектыўнай. Гэта вільготныя трапічныя лясы ў выпадку туканаў або пустыні ў выпадку птушак-насарогаў.

Крыніца:

van de Ven, T. M. F. N., Martin, R. O., Vink, T. J. F., McKechnie, A. E., & Cunningham, S. J. (2016). Regulation of Heat Exchange across the Hornbill Beak: Functional Similarities with Toucans?. PloS one, 11(5), 10.1371/journal.pone.0154768

 

Паводле www.biosphereonline.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.hotspotbirding.com

 

 

На гэтую тэму:

Адкрыта тайна вялікіх дзюбаў туканаў