Канфлікт палоў і яго незвычайнае рашэнне ў качак

    Самцы большасці відаў птушак не маюць знешняга капулятыўнага органа і вымушаны пад час працэсу размнажэння карыстацца выступам клаакі. Аднак Гусепадобныя выразна вылучаюцца сярод іншых груп птушак менавіта адмысловым капулятыўным органам. А ўсё з-за таго, што капуляцыя адбываецца на вадзе, самка ў такім становішчы застаецца амаль прытопленай. Таму без адпаведнага марфалагічнага прыстасавання існуе вялікая імавернасць таго, што сперматазоіды трапяць у ваду, а не ў полавыя шляхі самкі.

    У інтарэсе самца капуліраваць з як мага большай колькасцю самак. Аднак гэта супярэчыць інтарэсам самак, якім цікава найперш якасць самца. Яшчэ не так даўно лічылася, што магчымасці прагнаць ад сябе настырнага партнёра ў самак моцна абмежаваныя. Аднак даследаванні Патрыцыі Брэнан (Patricia Brennan) з універсітэту Йэйл (ЗША) з калегамі паказалі, што па меншай меры самкі некаторых відаў качак падрыхтаваныя да сур’ёзнага адпору тым самцам, якіх яны не хочуць бачыць у якасці бацькоў сваіх качанят.
    Навукоўцы даследавалі групу паўднёва-амерыканскіх мускусных качак (Cairina moschata). У самцоў гэтага віду 20ці сантыметровы моцна закручаны пеніс. Каб ён не перашкаджаў, напрыклад, пад час плавання, ў гэты час павінен быць у “складзеным” стане. Дзякуючы выкарыстанню пад час доследаў адмысловых камер, якія рэгіструюць 250 кадраў у секунду, атрымалася ўбачыць, што яго прывядзенне ў актыўны стан займае толькі 1/3 секунды.
Цікава, што самкі падрыхтаваліся да адпору непажаданым самцам таксама ўнутрана.
    Аказалася, што іх матачны аддзел яйкаводу таксама закручаны, але ў іншы, чым пеніс самцоў, бок. У выпадках, калі самка не расслабіць мышцы (а так адбываецца толькі пад час савакуплення з пажаданым самцом), нават уведзены ў клааку гвалтам пеніс самца практычна не мае шанцаў на запладненне яйкаклетак.
    Пад час эксперыментаў на птушкаферме ў Каліфорніі, каманда Брэнан выкарыстоўвала замест самак шкляныя мадэлі. Аказалася, што самцы мускусных качак не мелі праблемаў з выкарыстаннем пеніса там, дзе трубкі, імітуючыя матачны аддзел яйкаводу самак былі прамымі або закручанымі ў адпаведны з іх капулятыўным органам бок. Аднак на мадэлях, імітуючых сапраўдныя полавыя шляхі самак, самцы не маглі нічога зрабіць.
    Хаця нават не дасягаючы максімальнай даўжыні пеніс можа перадаць сперму ў клааку самкі, але з-за моцна закручанага яйкаводу апошніх сперматазоіды такіх самцоў не маюць магчымасці запладнення яйкаклетак.
Такім чынам, упершыню для хрыбетных жывёлаў атрымалася даказаць існаванне “канфлікту геніталіяў”. Дагэтуль падобную з’яву апісвалі толькі для некаторых безхрыбетных.

Здымак капуляцыі лебедзей-шыпуноў з www.news.bbc.co.uk 

Апублікавана:
Brennan, P.L.R., et al. 2007. Coevolution of male and female genital morphology in waterfowl. PLoS ONE 2:e418. doi:10.1371/jurnal.pone.0000418
Паводле  www.sciencenews.com праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую ж тэму:
Лыскі адрозніваюць сваіх птушанят ад чужых

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак

Comments