Памер пеніса ў качак залежыць ад сацыяльнага асяроддзя?

амерыканская саўка

Самцы большасці відаў птушак не маюць знешняга капулятыўнага органа (пеніса) і спраўляюцца з запладненнем самак дзякуючы выступу клаакі. Аднак самцы качак і іншыя прадстаўнікі атраду Гусепадобных вядомыя сваімі доўгімі, спіральна скручанымі пенісамі, якія ўтварыліся ў выніку коэвалюцыі са складанымі клаакамі самак. Так атрымалася з-за таго, што капуляцыя ў іх адбываецца на вадзе, самка ў такім становішчы застаецца амаль прытопленай. Таму без адпаведнага марфалагічнага воргана сперматазоіды могуць трапіць у ваду, а не ў полавыя шляхі самкі.

Новае даследаванне, вынікі якога нядаўна былі апублікаваныя, паставіла за мэту праверыць ці залежаць памеры пеніса ад сацыяльнага наваколля самца, ці, больш дакладна: ці пеніс будзе большы ў тых самцоў, якія мелі большую канкурэнцыю з іншымі самцамі? І хаця атрыманыя вынікі хутчэй адказваюць на гэтае пытанне “так”, але толькі для некаторых відаў. Бо ў некаторых відаў сувязь аказалася больш складанай.

Патрыцыя Брэнан (Patricia Brennan) з калегамі з Mount Holyoke College (штат Масачусетс, ЗША) правяралі гіпотэзу на двух відах качак: амерыканскай саўцы (Oxyura jamaicensis), самцы якой “выкарыстоўваюць” праміскуітэт для размнажэння (спарваюцца з такой колькасцю самак, з якой змогуць), не ўтвараюць пар і маюць параўнальна доўгія пенісы, а таксама на амерыканскім нырку-плёсаўцы (Aythya affinis). Апошні від утварае пары на сезон размнажэння і самцы ныркоў маюць параўнальна кароткія пенісы.

На працягу двух гадоў качкі абодвух відаў утрымліваліся ва ўмовах няволі або ў парах, або ў невялікіх групах. Атрымалася, што самцы амерыканскага нырка-плёсаўкі мелі ў сярэднім даўжэйшыя пенісы, калі яны ўтрымліваліся разам з іншымі самцамі свайго віду. Аднак для амерыканскіх савак эфект быў больш складаны: многія самцы гэтага віду не дасягнулі полавай спеласці да другога году эксперыменту, аднак потым у самцоў меншых памераў пенісы вырасталі хутчэй там, дзе іх трымалі ў групах, чым там, дзе ў парах. Дадаткова яны былі здольныя размнажацца параўнальна кароткі час і сінхранізацыі ў гэтым паміж самцамі не было.

Самцы амерыканскай саўкі невялікага памеру ва ўмовах вялікай канкурэнцыі маглі выйграць з-а таго, што такім чынам абмяжоўвалі магчымыя наступствы агрэсіі ў адносінах паміж сабой. Акрамя таго з-за таго, што ў самцоў гэтага віду і так пенісы маюць параўнальна вялікія памеры, іх фізічная магчымасць вырасці яшчэ даўжэйшымі з-за сацыяльных прычын можа быць моцна абмежаваная. Аднак агульная выснова даследавання больш адназначная – узровень канкурэнцыі з іншымі самцамі пад час дасягнення полавай спеласці можа мець значнае ўздзеянне на іх геніталіі.

Найбольшым выклікам для навукоўцаў былі не рэгулярныя прамеры качак, а іх адпаведнае утрыманне ва ўмовах няволі. “Мы былі вельмі шчаслівыя, што змаглі супрацоўнічаць з Livingstone Ripley Waterfowl Conservancy ў Litchfield, штат Канектыкут, дзе дасведчаны персанал утрымліваў качак ў выдатных, блізкіх прыродным, умовах.”

“Гэта дасканалае эксперыментальнае даследаванне па марфалогіі пеніса, якое правялі на двух відах качак з рознымі стратэгіямі рамнажэння” – сказаў Боб Мантгомеры (Bob Montgomerie) з каралеўскага універсітэту Белфаста, эксперт рэпрадуктыўных стратэгій у птушак. “Пытанне, якое застаецца неадказаным у тым ці павелічэнне даўжыні пеніса ў самцоў амерыканскага нырка-плёсаўкі з-за небяспекі канкурэнцыі спермы (sperm competition) дае гэтым самцам якую небудзь перавагу?”

Крыніца:

Brennan, PLR, Gereg, I, Goodman, M, Feng, D, and Prum, R O. 2017. Evidence of phenotypic plasticity of penis morphology and delayed reproductive maturation in response to male competition in waterfowl. The Auk 134:882-893.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца амерыканскай саўкі з www.idfg.idaho.gov

 

 

На гэтую тэму:

Канфлікт палоў і яго незвычайнае рашэнне ў качак

“Развод” па-лебедзінаму

Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію

Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы

 

Comments