Новае даследаванне яшчэ раз пацвердзіла, што абарыгенныя віды драпежнікаў не могуць несці адказнасць за змяншэнне папуляцый многіх відаў вераб’іных птушак у Вялікабрытаніі. Атрыманыя высновы навукоўцаў з British Trust for Ornithology і ўніверсітэту St Andrews не з’явіліся нечаканымі, аднак нечакана тое, што яны прадстаўляліся разам з прапаляўнічай арганізацыяй Game and Wildlife Conservation Trust, і фінансаваліся Songbird Survival, таварыствам, якое раней праславілася эмацыянальнымі і антынавуковымі заявамі супраць крумкачовых і драпежных птушак.
У якасці матэрыялу для даследаванняў выкарыстоўваліся дадзеныя шматгадовых Улікаў звычайных відаў птушак (Common Bird Census) і Маніторынгу гняздуючых відаў птушак (Breeding Bird Survey population) для 29 відаў дробных вераб’іных. Навукоўцы параўноўвалі іх колькасць у розныя гады з колькасцю маладых і дарослых драпежных птушак трох відаў: шуляка-карагольчыка, звычайнага канюха і пустальгі, а таксама магчымых “гнездавых драпежнікаў”: чорнай вароны, сойкі, сарокі, вялікага дзятла і шэрай вавёркі (інтрадуцэнта з Амерыкі).
Для 22 відаў птушак не атрымалася знайсці сувязі паміж змяншэннем іх колькасці і павелічэннем колькасці драпежнікаў. Яшчэ для 7 відаў вераб’іных птушак – магчымых ахвяр, такую сувязь не магчыма цалкам выключыць, але змяншэнне іх колькасці можна растлумачыць іншымі прычынамі.
Даследаванні, праведзеныя з выкарыстаннем такога маштабу дадзеных былі праведзеныя ўпершыню. Аднак і раней параўнанне магчымых сувязяў паміж колькасцю асобных відаў-драпежнікаў і іх ахвяр паказвалі на існаванне балансу хутчэй, чым на негатыўную прычынна-следчую сувязь.
Як раней было пацверджана шматлікімі навуковымі даследаваннямі, асноўная прычына змяншэння колькасці вераб’іных птушак – знікненне месцаў гнездавання, сезонны недахоп ежы і агульная дэградацыя іх месцапражыванняў.
Далейшыя – больш дэталёвыя даследаванні патрэбныя, каб для некаторых пар відаў драпежнік-ахвяра (як для шуляка-карагольчыка і палявога вераб’я) паказаць выпадковасць існавання невялікай негатыўнай карэляцыі зменаў іх колькасці. Некаторыя папярэднія навуковыя працы паказалі, што драпежныя птушкі ў некаторых выпадках могуць аказваць абмежаванае ўздзеянне на колькасць гняздуючых кулікоў і паляўнічых відаў птушак. Аднак каб сцвярджаць гэта адназначна, патрэбны далейшыя даследаванні.
Артыкул у фармаце PDF можна спампаваць тут: http://tinyurl.com/yhjkfqp.
Здымак самкі шуляка-карагольчыка Мікалая Гулінскага
Паводле www.birdwatching.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Крумкач куліку вока не выдзяўбе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ