Самка скапы (Pandion haliaetus), якая лічыцца самай старой у Вялікабрытаніі, мае як мінімум 25 гадоў, што ў тры разы больш за сярэдні ўзрост для птушак гэтага віду. Апошнія 20 гадоў яна вяртаецца на тое самае гняздо ў Loch of the Lowes у Шатландыі.
Птушка праляцела з месцаў сваёй зімоўкі ў Заходняй Афрыцы да сваёй гнездавой тэрыторыі ў Шатландыі каля 3000 міль. Гняздо гэтай пары скоп знаходзіцца ў рэзерваце, які належыць Scottish Wildlife Trust (SWT). Усяго ў Шатландыі гняздуюць каля 200 пар гэтых драпежных рыбаедных птушак.
Эма Роўлінг (Emma Rawling), рэйнджэр SWT у рэзерваце, сказала: “Мы сапраўды ганарымся такой моцнай сувяззю гэтай самкі скапы з нашым рэзерватам. Улічваючы яе ўзрост, паводле нашых першых яе назіранняў, знешне яна выглядае надзвычай добра. Цяпер яна чакае на самца, з якім пачне свой дваццаты гнездавы сезон у гэтым месцы. Да гэтага часу яна адклала 55 яек, з іх вылупіліся 46 птушанят, якія паспяхова выляцелі з гнязда.”
Некаторыя іншыя скопы таксама ўжо вярнуліся на свае гнездавыя тэрыторыі ў Шатландыі. Паводле спецыялістаў, гэта нашмат раней, чым звычайна, і, магчыма, звязана з пагодай.
Некалі звычайная птушка Брытанскіх астравоў, скапа была вынішчана тут цалкам у 1916 годзе. Для таго, каб птушкі зноў упрыгожвалі неба Шатландыі, патрабавалася шматгадовая і дарагая праграма рэінтрадукцыі віду.
Падглядаць за гняздом скапы он-лайн можна тут: Watch the Osprey webcam here
Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Аўдзіт англійскай прыроды – прапалі 500 відаў!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ