Вялікая сініца збудавала гняздо вялізарных памераў

Незвычайны выпадак для параўнальна невялікага віду птушак быў адзначаны ў Вялікабрытаніі. Вялізарнае гняздо, збудаванае самкай вялікай сініцы (Parus major) мае найвялікшыя памеры з вядомых для гэтага віду. Яно ў некалькі разоў перавышае памерамі звычайныя гнёзды сініц.

Звычайна самкі гэтага віду будуюць свае гнёзды самастойна (без удзелу самцоў) у дупле або нейкай закрытай нішы антрапагеннага паходжання. Аднак у мястэчку Draycott (графства Gloucestershire), адна з самак выбрала для гнязда шырокую трубу для захоўвання кампосту, велічыня якой далёка выходзіць памерамі за тое, што выбіраюць іншыя вялікія сініцы. Вялікая прастора вакол маленькага гнязда была старанна выкладзена птушкай мхом і пухам і выглядае як у больш звычайных для гнездавання сініц дуплах (гл. здымак).
Д-р Т’ім Гарысан (Dr Tim Harrison), арганізатар Садовага бёдуотчу з Брытанскага орніталагічнага трэсту (BTO Garden BirdWatch) так пракаментаваў падзею: “Вялікія сініцы вядомыя даволі пластычнымі паводзінамі, яны хутка засвойваюць новыя рэсурсы ў харчаванні і гнездаванні. Застаецца толькі здзіўляцца, як гэта самка пасля такога аб’ёму будаўнічых прац змагла яшчэ адкласці ў сваё надзвычайнае гняздо 8 яек”.
 

Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments