Ужо каторы год на прыканцы жніўня на беразе невялічкага, але вельмі маляўнічага Страдзецкага возера ў межах біясфернага рэзервата “Прыбужскае Палессе” адбываецца традыцыйны летнік “Юны бёрдуотчэр”. Арганізатарам летніка выступіла Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ пры падтрымцы Шведскага орніталагічнага таварыства SOF. Удзельнікі – школьнікі ды студэнты з Брэсцкай, Гарадзенскай абласцей а таксама з Мінска пад апекай старэйшых таварышаў – гайдаў навучаліся методыкам назірання за птушкамі, авалодвалі элементарнымі навыкамі палявой працы ды вучыліся шанаваць родную прыроду.
Летнікі з самага пачатку адбываюцца пад дэвізам «Ад роўнага да роўнага», які азначае што інструктарамі-гайдамі якія кіруюць і дапамагаюць менш дасведчаным удзельнікам авалодваць ведамі, з'яўляюцца такія ж самыя ўдзельнікі - «выпускнікі» папярэдніх летнікаў 2005-2006 гг. Надвор’е збольшага спрыяла, і толькі пад канец летніка дождж ледзь не ператварыў ад’езд удзельнікаў у адплыў.
За чатыры дні, на працягу якіх адбываўся летнік, было адзначана шмат розных відаў птушак, расказана не адна байка ля начнога вогнішча, выпіты дзесяткі літраў гарбаты! Усяго аднаго віду не хапіла ўдзельнікам летніка, каб агульную колькасць відаў далічыць да круглай сотні.
Завяршылі праграму камандныя спаборніцтвы па спартовай арніталогіі (міні-бёрдрэйс) у якіх перамагла каманда з даволі арыгінальнай і крыху камічнай назвай - «Захоўцы дупла ды арэха», але якая паказала даволі сур'ёзны вынік – 42 віды за чатыры з паловай гадзіны. Улічваючы, што часу было ўдвая менш, чым у “сапраўдным бёдрэйсе”, перамяшчаліся ўдзельнікі пешкі, ды ў адсутнасці зрокавых труб, з пэўнасцю можна сцьвярджаць, што гэтая каманда ў звычайным бёрдрэйсе паказала б вельмі і вельмі добры вынік.
Ад’язджаючы, маладыя бёрдутчэры ня толькі максімальна зліквідавалі ўплыў намётавага летніка на навакольнае асяроддзе, але і зрабілі парадак у прыбярэжнай паласе Страдзецкага возера: каля дваццаці вялікіх пластыкавых мяхоў бытавога смецця сабраныя ды вывезеныя з гэтай папулярнай турыстычнай мясцовасці. На жаль, супрацоўнікі ДПУ «Рэспубліканскі заказнік Прыбужскае Палессе» гэтую ініцыятыву не падтрымалі, таму ўдзельнікам летніка давялося працаваць самастойна. Дарэчы, арганізатары звярнулі ўвагу на наступную акалічнасць: калі яшчэ летась сухастойнай драўніны ў ваколіцах возера было пад дастаткам, у гэтым годзе давялося ладзіць далёкія выправы па паліва для вогнішча. Гэта можа азначаць, што турыстычны прэсінг на Страдзецкае возера ўзрос да небяспечных памераў. Варта задумацца.
Андрэй Абрамчук,
Брэсцкае абластное аддзяленне АПБ
Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ