Па ўсёй Фінляндыі размешчаны каля 400 адмыслова збудаваных для назіранняў за птушкамі вежаў. Штогод у траўні сотні бёдуотчараў падымаюцца ў іх яшчэ ў ранішнім змроку, каб правесці там 8 гадзін пад час спаборніцтваў, якія па-фінску называюцца "Tornien Taisto" – “Бітва вежаў”.
Галоўная мэта каманды з любой вежы – на працягу 8 гадзін з 5.00 ранку адзначыць як мага больш відаў птушак. Від залічваецца, калі як мінімум 2 чальцы каманды яго бачылі (ці чулі). Цікава, што пад час спаборніцтваў тысячы бёдуотчараў, якія не ўваходзяць ні ў водную каманду, а таксама турысты, журналісты ды мясцовыя жыхары наведваюць бліжэйшыя да іх вежы, каб паглядзець птушак і больш даведацца пра іх ад чальцоў каманд.
З-за таго, што вежы размешчаны практычна па ўсёй Фінляндыі, зразумела, што не ўсе каманды маюць аднолькавыя шанцы перамагчы. Бо паміж самай паўднёвай і паўночнай вежамі больш за 1000 км, а розьніца ў тэмпературы сягае 30 градусаў. Звычайна ўсе каманды, якія маюць у сваіх спісах больш за 100 відаў, “выступаюць” на вежах, якія збудаваны на ўзбярэжжах.
У гэтым годзе “Бітва вежаў” адбылася 9 траўня. Ў ёй удзельнічала 289 каманд і больш за 1000 ўдзельнікаў. Каманда-пераможца адзначыла са сваёй вежы ў Pyhäjoki (на заходнім узбярэжжы Фінляндыі) 113 відаў. Каманда з самай паўночнай вежы – ў Inari (300 км на поўнач ад Палярнага кола) змагла ўбачыць толькі 46 відаў птушак.
BirdLife Suomi (BirdLife у Фінляндыі) арганізуе падобныя спаборніцтвы ўжо 9 раз, і штогод колькасць удзельнікаў і ўвага грамадзкасці да бёдуотчынгу і аховы птушак толькі павялічваюцца. Вынікі гэтага году пераўзышлі мінулагоднія – як і чакалася. Ў 2008 годзе ў “Бітве вежаў” спаборнічалі 270 каманд, найлепшая перамагла з вынікам ў 115 відаў птушак. Найменш змаглі ўбачыць бёдуотчары са скрайняй поўначы – толькі 18 відаў.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by паводле www.europe.birdlife.org , www.highlatitudebirdwatcher.blogspot.com (здымак з гэтага ж сайту)
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Kiolk - 28.05.2009 - 00:50
А калі ў нас паспрабаваць
А калі ў нас паспрабаваць правесці? Адна адмыловая пляцоўка для назірання за птушкамі ёсць ў Тураве, калі ўнас няма арніталагічных вежаў, можна паспрабаваць выкрыстаць дзеля гэтага падыходзячыя ўзвышэнні...
Harrier - 28.05.2009 - 00:58
In reply to А калі ў нас паспрабаваць by Kiolk
Калі ў нас няма вежаў, дык
Калі ў нас няма вежаў, дык напэўна трэба іх будаваць :)
Як для мяне, дык бёдрэйс цікавейшы і шанцы ў розных каманд больш-менш роўныя.