Птушаняты пустальгі на касцёле ў Гродна закальцаваныя (+video)

Нашы сакаляты з самага знакамітага гарадзенскага гнязда, якое знаходзіцца за статуяй Святой Алены на касцёле Ўзвышэння Святога крыжа (былым Бернардынскім) у самым цэнтры горада падраслі ўжо настолькі, што прыйшоў час іх кальцаваць.

Каб сам працэс убачылі не толькі яго ўдзельнікі, разам са мной на паддашша касцёла паднялася здымачная група праграмы Гродзенскага абласнога тэлебачання "У аб'ектыве натураліста".

Ужо каля самага гнязда, на якім усталявана IP-камера, якая дапамагае сачыць за жыццём знакамітай пары сокала-пустальгі (Falco tinnunculus) мы чуем нягучныя пакрыкванні галодных птушанят.

Здымаем раму акна з камерай і з гнязда з крыкамі адлятае самка Алена. На гняздзе 4 невялікіх сокала. Але не гледзячы на памеры, яны вельмі хуткія і мы, як ні стараліся, так і не змаглі злапаць аднаго з птушанят - ён уцёк за стутю і потым з бяспечнай адлегласці выглядваў на нас.

Тры ж пазасталыя былі злапаныя, і, не гледзячы на вельмі гучныя крыкі аднаго з іх (гэта самка - ўпэўнена сказалі Віталь і Андрэй:), былі акальцаваныя.

Як аказалася пры параўнанні здымкаў пер'еў надхвосця птушанят з вызначальнай табліцай полу з кнігі Hardey et al., 2006, усе злапаныя намі пустальгі сапраўды будуць самкамі:

Чаму ж толькі адна з іх верашчала як прышчымлены парсючок, засталося загадкай...

Але вось птушагяты прамераныя і закальцаваныя, я сабраў з гнязда з палову кілаграма іх выплюек (каб потым прааналізаваць што дакладна яны елі) і птушаняты змешчаныя зноў на гняздо:

Задняя палова невялікай палёўкі, якую не паспела дакарміць малым самка Алена, таксама вернута гаспадарам:

Перад тым, як вярнуць раму з камерай на месца, мы з Андрэем здымаем птушанят у апошні раз з гэтага боку гнязда. Пасля гэтага за імі зноў будзе сачыць наша камера.

 

Перад тым, як застацца адным, тое ж птушанё зноў гучна і безабаронна крычыць:

Калі з імі нічога не здарыцца, прыкладна праз тыдзень яны змогуць пачаць свае першыя палёты. А потым будзем чакаць іх у госці - з кольцамі на нагах мы іх пазнаем паўсюль.

Дзьмітры Вінчэўскі , Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ для www.birdwatch.by

фота і відэа аўтара

Comments

Я ўсё хацеў напісаць чаму 4 а не 6 раней, але рукі не даходзілі.

Справа ў тым, што ў той дзень, калі павінен быў вылупляцца 5ты, будаўнікі пачалі майстраваць рыштаваньні (=леса) на фасадзе касьцёла для рэмонту.

Каля 14 гадзін я ўбачыў, што самка зьляцела з гнязда і доўга не вяртаецца. Пра будаўнікоў я не ведаў. Потым у пачатку 16й гадзіны прыехала дахаты Алена і сказала, што каля гнязда лазяць па рыштаваннях будаўнікі. Я пайшоў туды і растлумачыў брыгадзіру ў чым справа. Яны зьлезьлі і самка вярнулася прыкладна праз 2 гадзіны 40 хвілін на гняздо - птушаняты выжылі, а зародышы ў яйках загінулі.

Самка спрабавала іх яшчэ наседжваць, але было позна. Так і атрымалася, што вылупіліся толькі 4 малых з 6 яек...

Да гонару касцёлу і будаўнікоў хачу дадаць, што фасад ужо памаляваны, засталася не зьнятай з трох толькі статуя Св.Алены за якой і знаходзіцца гняздо - чакаюць пакуль малыя выляцяць.