5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!

Дзякуючы сучасным тэхналогіям стала вядома не толькі тое, якую масімальную хуткасць можа асягнуць самая хуткая птушка на Свеце – нагадаю, у гарызантальным токавым палёце чорны свіргуль (Apus apus) паказаў нават 111 км на гадзіну, - але і дзе яна праводзіць большую частку году.

Кожны трэці брытанскі чорны свіргуль быў страчаны з 1995 году, - гэта значыць, што колькасць мясцовай папуляцыі зменшылася за гэты час на 33%, аднак прычыны гэтага малазразумелыя. Даследчыкі з Брытанскага арніталагічнага траста (BTO) удзельнічаюць у адмысловым праекце, каб лепш зразумець патрэбы і праблемы свіргулёў.  


Мікраскапічныя геалакатары былі прымацаваныя на спіны дарослым свіргулям, якія былі злапаныя на гнёздах у 2010 годзе. Дзякуючы таму, што некаторыя з іх вярнуліся на тыя ж месцы гнездавання, іх атрымалася зноў злапаць і атрымаць дадзеныя з геалакатараў у 2011 годзе. Атрыманыя дадзеныя паказалі шляхі міграцыі і самыя важныя месцы зімоўкі, што можа дапамагчы вызначыць самыя цікавыя месцы для аховы свіргулёў.

Шляхі міграцыі і месцы зімоўкі (пазначаны жоўтым колерам) аднаго з брытанскіх свіргулёў, пазначанага геалакатарам. Дадзеныя і мапа ВТО.

Найбольш нечаканымі атрымаліся вынікі для месцаў зімоўкі – яны маюць велізарную плошчу нават для асобных птушак. Свіргулі праводзяць зімовы час у некалькіх афрыканскіх краінах.


Таксама здзіўляючай стала хуткасць міграцыі – адзін са свіргулёў праляцеў за 5 сутак 5000 км з Заходняй Афрыкі на месцы гнездавання ў Вялікабрытанію! Цікава, што птушка прыпынялася на 10 дзён у Ліберыі, каб потым распачаць сваё рэкорднае па хуткасці падарожжа. Ліберыйскі прыпынак можа быць важным месцам для віду, дзе свіргулі назапашваюць энергію для “браска на захад” і патрабаваць аховы.


Раней лічылася, што з-за таго, што свіргулі харчуюцца ў паветры пад час палёту, яны могуць ляцець больш павольна і харчавацца па меры неабходнасці пад час міграцыі. Аказалася, што яны – як і многія іншыя віды птушак – могуць мець свае адмысловыя “дазаправачныя станцыі”, дзе праводзяць параўнальна шмат часу перад канчатковай міграцыяй.


Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак чорнага свіргуля Мікалая Вераб’я