Апошні мальтыйскі сокал-падарожнік забіты паляўнічымі?

Бёдуотчары і арнітолагі Мальты непакояцца за лёс самца сокала-падарожніка (Falco peregrinus), які жыў ў Gozo, пасля таго, як многія з іх сталі сведкамі арганізаванага нелегальнага палявання з зямлі і мора на кліфах Ta' Cenc.

Увечары карабель са 120 чальцамі арганізацыі BirdLife Malta плыў глядзець на жаўтадзюбых буравеснікаў (Calonectris diomedea), адзначаных ля гэтых кліфаў, калі людзі пачулі серыю стрэлаў. Хутка яны ўбачылі трох узброеных пасажыраў на хуткасным кацеры, якія каардынавалі свае дзеянні з двума асобамі на кліфах, адна з якіх таксама была узброенай.


Чальцы BirdLife Malta паведамілі пра нелегальнае паляванне прадстаўнікам уладаў. Праз 5 хвілін на месца інцыдэнту прыбыў кацер з патрульнымі. Адразу, як браканьеры заўважылі патрульны кацер, яны на вялікай хуткасці адплылі ў бок вострава Xlendi.


Хутчэй за ўсё паляўнічыя стралялі па аднаму з сокалаў-падарожнікаў з мясцовай пары, птушкі з якой сёлета рэгулярна назіраліся на кліфах Ta' Cenc да мая, калі была застрэлена самка з гэтай пары.  


Мясцовыя сокалы-падарожнікі Falco peregrinus brookei сталі сінонімам “мальтыйскіх сакалоў” з 1530 году, калі імператар Святарнай Рымскай імперыі Карл V перадаў Мальтыйскія астравы рыцарам Святога Джона (Яна) ў абмен на аднаго мясцовага сокала-падарожніка штогод.  


Гэты від рэгулярна гнездаваў на Мальце, пакуль апошняя пара не была забіта паляўнічымі ў 1980-я гады. З таго часу адзначаліся толькі спарадычныя залёты птушак на аддаленыя кліфы.


Надзея, што сокалы зноў загняздуюць тут сёлета, знікла яшчэ пасля забойства ў мае самкі. А цяпер – пасля імавернага забойства самца – можа стацца так, што на новую пару зноў прыйдзецца чакаць дзесяцігоддзі.


Паводле  www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.wildbirdgallery.com