Інвазія соваў-бярозавак у некаторых краінах Еўропы

Для Скандынавіі гэта надзвычай багатая восень на назіранні сoваў-бярозавак (Surnia ulula).

З 30 верасня да 8 кастрычніка пад сталіцай Даніі – Капенгагенам у мясцовасці Store Hareskov назіралі першую за апошнія амаль 7 год для Даніі птушку гэтага віду.

Аднак найбольш інвазія соваў заўважная больш на поўнач. Так, за мінулы тыдзень у Фінляндыі (ўключна з паўднёвым і заходнім узбярэжжам) адзначана 164 сустрэчы з совамі-бярозаўкамі. Канешне, частка рэгістрацый – гэта назіранні тых самых асобін, аднак падобныя лічбы – сотні рэгістрацый за апошнія 7-10 дзён існуюць і для іншых рэгіёнаў Скандынавіі, бо пра інвазію віду паведамляюць таксама са Швецыі, дзе совы адзначаны нават на самым поўдні краіны – ў правінцыі Scania.

Нагадаем, што для нашай краіны сава-бярозаўка надзвычай рэдкі і выпадкова залётны від. Першая і апошняя ў гэтым стагоддзі рэгістрацыя адбылася ў Браслаўскім раёне ля мяжы з Літвой 9 лютага 2010 г., пры чым адзіны яе назіральнік Віталь Кашчэеў змог нават сфатаграфаваць саву!

Перад гэтым птушка была застрэлена ў снежні 1999 г. на поўначы Мінскай вобласці, а ў снежні 1981 г. саву назіраў у Віцебскім раёне Д.Лычкоўскі.

Можа гэтай зімой на сустрэчу з відам у Беларусі пашанцуе некаму з нас?

Паводле рассылкі EBN падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

 

 

Здымак Віталя Кашчэева

На гэтую тэму:

Сава-бярозаўка (Surnia ulula) ля літоўскай мяжы! Hawk owl at North of Belarus near Lithuanian border!