У олушаў усё падзелена

 Апошняе даследаванне паказала, што паўночныя олушы (Sula bаssana) харчуюцца ў акваторыях, якія належаць выключна іх калоніі і практычна не выкарыстоўваюць для рыбалкі акваторыі іншых калоній. 

Даследаванне, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Science, было міжнародным праектам, які ачольвалі прадстаўнікі брытанскіх універсітэтаў Leeds і Exeter. Для яго выкарыстоўваліся невялікія дэвайсы, якія дазвалялі атрымліваць каардынаты месцазнаходжання птушак з дапамогай спадарожнікаў. Яны былі прымацаваныя да 184 олушаў з розных калоній практычна з ўсёй Вялікабрытаніі. Д-р Кейф Гамер (Dr Keith Hamer), кіраўнік каманды навукоўцаў з універсітэту Leeds, сказаў: "Хутка стала зразумела як толькі мы сталі наносіць на мапу атрымліваемыя дадзеныя, што адбываецца нешта цікавае. Акваторыі ў моры, якія птушкі са смежных калоній выкарыстоўвалі для пошуку харчавання, акуратна прымыкалі адна да адной, але іх межы не перакрываліся”. 

Мапа размяшчэння даследаваных калоній і іх месцы рыбалкі (для птушак з розных калоній пазначаны рознымі колерамі) Паводле Wakefield et al., 2013

 

Даследчыкі маюць два магчымых тлумачэнні атрыманым дадзеным. Першая прычына можа быць матэматычнай. Справа ў тым, што олушы рыбачаць з паветра, ныраючы за рыбай звычайна неглыбока ад паверхні. Таму часта яны залежаць ад драпежных марскіх звяроў – напрыклад, дэльфінаў, якія выганяюць патэнцыйную здабычу олушаў бліжэй да паверхні вады. Аднак як толькі птушкі пачнуць ныраць за рыбай, яна стараецца ўцячы ў глыбіню, таму звычайна такое паляванне не можа працягвацца доўга і птушкам выгадна апынуцца ў такім “рыбным” месцы першымі. Калі ж птушкі з іншай калоніі будуць у такім месцы першымі, то месца страчвае сваю прыцягальнасць для іншых олушаў. 

Але адзінай прычынай знойдзеных вельмі дакладных падзелаў акваторый не можа быць толькі канкурэнцыя за ежу. Вельмі імаверна, што птушкі з розных калоній прытрымліваюцца т.зв. “культурнага падзелу” – г.зн., што яны выкарыстоўваюць тыя самыя свае месцы для рыбалкі, нават калі недалёка ад іх існуюць іншыя. 

Аднак олушы не могуць дакладна ведаць, ці іншая олуша паходзіць з іх калоніі, ці з іншай. Бо некаторыя з гнездавых калоній налічваюць нават да 60 тысяч птушак. Д-р Гамер тлумачыць, што “натуральны адбор будзе падтрымліваць тых птушак, якія могуць знаходзіць добрыя месцы для харчавання. Аднак наўрацці такімі месцамі будуць тыя, куды птушкі з іншых калоній далятаюць першымі”. 

Да гэтага лічылася, што толькі агрэсіўныя паводзіны могуць падтрымліваць больш-менш пастаяннымі межы паміж індывідуальнымі або сямейнымі ўчасткамі жывёл. Цяпер як мінімум некаторыя дадзеныя для прадстаўнікоў з розных таксонаў могуць быць пераасэнсаваныя: ад пчолаў да кажаноў. 

Крыніца: Wakefield ED, Bodey TW et al. 2013. Space partitioning without territoriality in Gannets. Science DOI: 10.1126/science.1236077   Паводле www.birdguides.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

Comments

 А яна і не падпісаная як паўночная. Так, здаецца блакітнанаогая. Як атрымаю (нарэшце!) вызначальнік Птушкі Перу, выкладу больш здымкаў і відэа, бо цяпер большасць птушак не маю як вызначыць.