На набярэжнай Нёмана ад пачатку пляжа да т.зв. старага маста ёсць толькі адно сапраўднае дрэва - не вельмі стары, але ўжо высокі і раскідзісты вяз. Зразумела, што ён у меру сіл стараецца памножыць свае копіі і ў многім гэта ў яго трымалася - на беразе, асабліва ніжэй па плыні, густа ўзышло шмат яго патомкаў. Як ні стараецца Зелензруб і вымушаныя дапамагаць яму ў гэтым прадстаўнікі розных гарадзкіх прадпрыемстваў, якія амаль штогод спілоўваюць маладыя і не вельмі пабегі вяза пазней увосень (і не толькі іх), моладзь вяза не здаецца і за сезон адрастае. Дзякуючы гэтаму ды іншай захаванай на беразе расліннасці, ёй рэгулярна карыстаюцца розныя вераб'іныя птушкі для гнездавання, пад час пошуку ежы ці хаваюцца там ад небяспекі.
З надыходам восені гэтыя мясціны рэгулярна даследуюць рознавідавыя групкі і асобныя сініцы, у асноўным вялікія (Parus major) і сінія (Cyanistes caeruleus). Пакуль лісце яшчэ не апала і трымаецца на галінках, гэтым найчасцей карыстаюцца менавіта сінія сініцы, якім для гэтага часам трэба прымаць акрабатычныя позы. Бо калі знайшлося нейкае насякомае ці павучок, які яшчэ не схаваўся на зіму, або наадварот, схаваўся на лісці, трэба мець апору каб яго схапціь або дастаць са схованкі.
Але часам сініцам шанцуе - знайсці некалькі асобін тлі на тым самым лісце значыць, што трэба прысвяціць яму больш часу і ўсіх іх, адну за адной, з'есці. І толькі тады ляцець далей - можа яшчэ дзе паблізу знойдзецца такое ж багацце?)
Гродна, 11-10-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ