Хаця сваю першую сёлета звычайную рудахвостку (Ph. phoenicurus), надзвычай яркага на фоне зялёнага лісця самца, я убачыў больш за месяц таму праз вакно кватэры, сфоткаць яго не паспеў. І пасля гэтага наступная магчымасць зрабіць гэта здарылася толькі праз тры тыдні - самец спяваў у вядомым мне па мінулых гадах месцы паміж старымі драўлянымі дамамі не так ўжо далёка ад парта (гл. першы здымак).
Аднак я паспеў падыйсці туды і зрабіць толькі два здымкі - птушка з вяршыні слупа чамусьці зляцела і схавалася ў густым лісці явара ў некалькіх метрах ад месца спеваў. Пакуль я разгублена стаяў і думаў што мне рабіць далей, літаральна за некалькі секунд 'набеглі' хмары і пачаўся спачатку павольны, а потым і споры лівень. І прычына паводзін рудахвосткі стала зразумелай...
Праз тры дні я зноў быў побач з гэтым месцам, але перш чым праверыў яго (самца рудахвосткі там больш не пачуў і не ўбачыў), прыкладна на гадзіну 'застрял' пасярод рэштак старага сада паміж жылымі дамамі савецкага часу. І там выразна спявалі як мінімум два самцы рудахвостак, але першай я ўбачыў і зняў ... самку (гл. два першыя здымкі пад тэкстам).
Самцоў я таксама там знайшоў, але іх спевы былі настолькі кароткімі і падаліся мне выпадковымі, што я не паспяваў да іх на гукі і быў вымушаны чакаць, бачыць і здымаць толькі дзякуючы візуальнаму кантакту. Візуальны кантакт атрымліваўся і ў суседніх самцоў - яны часам ганялі адзін аднаго недзе каля межаў іх гнездавых тэрыторый. З таго, дзе я бачыў ярка-аранжавых спераду птушак, іх тэрыторыі былі параўнальна вялікімі - яны сядалі на разнастайных прысадах ў дзесятках метрах навокал дзе б я не стаў у садзе. Але чаму не хацелі спяваць ні ў гэтым месцы, ні ў іншых (дзе я іх бачыў у папярэднія гады), я не зразумеў.
12 і 15-05-2026, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ