Амерыканская чайка-клыгун – новы від для Польшчы

У мінулую нядзелю ў Польшчы быў адзначаны і сфатаграфаваны новы для краіны від птушак – амерыканская чайка-клыгун (Larus smithsonianus).

Адна неполаваспелая птушка (у трэцім календарным годзе жыцця) лятала над запорнай сажалкай вадасховішча Jeziorsko ў Лодзкім ваяводзтве – гэта амаль цэнтр Польшчы! Заўважыў незвычайна цёмную чайку Marcin Faber, бёдуотчар з Лодзі.

Калі назіранне будзе пацверджана Польскай фауністычнай камісіяй, гэта будзе 451 від за ўсю гісторыю назіранняў птушак у гэтай краіне.

Цікава, што амерыканская чайка-клыгун у Еўропе лічыцца асобным відам - Larus smithsonianus - пасля публікацыі падрабязнага артыкула пра генетычную адасобленасць амерыканскіх чаек ад еўрапейскай чайкі-клыгуна і адпаведнага рашэння Еўрапейскай асацыяцыі авіфауністычных камітэтаў (Association of European Rarities Committees) і Брытанскага звязу арнітолагаў (British Ornithologists' Union), аднак у Амерыцы – гэта падвід чайкі-клыгуна Larus argentatus smithsonianus, бо Амерыканскі звяз арнітолагаў American Ornithologists' Union застаўся пры сваім меркаванні.

Гнездавы арэал гэтай амерыканскай чайкі працягваецца праз усю паўночную частку Паўночнай Амерыкі: ад Аляскі да Вялікіх азёр амаль па ўсёй Канадзе і ад паўночна-ўсходняга ўзябрэжжа ЗША ад штата Мэн на поўдзень да штата Паўночная Караліна. 

Некаторыя птушкі застаюцца на зімоўку ў месцах гнездавання, аднак большасць праводзіць зіму на поўдзень ад гнездаваога арэалу ажно да Мексікі. Ў невялікай колькасці далятае нават да Венесуэлы, Калумбіі і Перу.

Першая рэгістрацыя амерыканскай чайкі-клыгуна для Заходняй Палеарктыкі адбылася яшчэ ў 1937 годзе, калі аднагадовая птушка з канадзкім кальцом была злапаная на гішпанскім караблі  амаль у 480 км ад ўзбярэжжа Гішпаніі. 

Пасля амаль пяцідзесяцігадовага перапынку, у 1986 у Ірландыі адзначана ізноў, а ў 1990 на працягу году таксама ў Ірландыі назіралі ажно 10 маладых першагадовых птушак! З таго часу на гэтым востраве амерыканская чайка-клыгун адзначаецца амаль штогод, прычым да 2002 г. там было ўжо 42 рэгістрацыі гэтых птушак!

Акрамя Ірландыі, амерыканская чайка адзначана таксама за апошнія два дзесяцігоддзі ў Вялікабрытаніі, Ісландыі, Нідэрландах, Гішпаніі, Францыі. 

Паводле вельмі падрабязнага артыкула Pat’а Lonargan’а & Killian’а Mullarney ў Dutch Birding пра гісторыю назіранняў і магчымасці правільнага вызначэння амерыканскай чайкі-клыгуна, па меры дасягнення птушкамі дарослага апярэння (4 гады), магчымасці адрозніць птушак ад еўрапейскага віду рэзка змяншаюцца. А нечаканы ўсплёск назіранняў амерыканскіх чаек-клыгуноў у Еўропе аўтары артыкула звязваюць хутчэй з рэзкім павелічэннем цікавасці бёдуотчараў да вялікіх чаек, чым з іх сапраўдным пачаткам залётаў у Заходнюю Палеарктыку.

Паводле www.clanga.com , www.birdwatching.pl ,  www.dutchbirding.nl  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Здымак з www.clanga.com

 

На гэтую тэму:

НА ВЫХОДНЫХ У ПОЛЬШЧЫ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ КРАІНЫ ВІД ПТУШАК

У Спісе птушак Польшчы па-ранейшаму 450 відаў 

Апошнія змены ў складзе авіфауны Польшчы

Спіс птушак Нідэрландаў дасягнуў 500 відаў

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ПЯЧУРАЎКА-ЗАРНІЧКА – АДЛЯЦЕЎ З УЛАСНЫМ КАЛЬЦОМ

У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК, АДНАК ДОКАЗАЎ ДЛЯ ЯГО РЭГІСТРАЦЫІ БАФК МОЖА НЕ ХАПІЦЬ

 

 

Comments

У артыкуле з Датчбёрдінг (спасылка ў навіне на пдф файл) падрабязна апісаны і праілюстраваны адрозненні. Варта здымаць і спрабаваць вызначаць.

Там жа апісаны цікавы прыклад з Партугаліі, калі пад час экскурсіі пасля 5й міжнароднай сустрэчы па чайках за адзін дзень адзначылі 3 амерыканскіх клыгуны - першых і апошніх для гэтай краіны. Вось што значыць ведаць чым птушкі адрозніваюцца і ўмець гэта ўбачыць...