Гнездавая біялогія чаплі-лазяніка (Ixobrychus minutus) на рыбгасах Любліншчыны (Польшча)

Чапля-лазянік застаецца найменш вывучаным відам чапляў у Еўропе.  Вельмі мала вядома пра яе выбар гнездавых біятопаў і гнездавую біялогію. Від змяншае сваю колькасць, асабліва ў краінах Заходняй Еўропы (еўрапейскі ахоўны статус - Vulnerable – пагражаемы (від, якому пагражае знікненне); від занесены ў Дадатак I Дырэктывы ЭЗ па дзікіх птушках). 

Для Польшчы існуюць толькі абрывачныя дадзеныя па размяшчэнню і колькасці віду. Лічыцца, што большасць папуляцыі засяляе рыбаводныя сажалкі. У многіх рэгіёнах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы іх выкарыстоўваюць, каб разводзіць галоўным чынам карпа. Для многіх відаў птушак яны сталі больш звычайнымі і значнымі месцамі гнездавання, чым азёры і іншыя вадаёмы.

Аднак усё яшчэ яўна недастаткова дадзеных па гнездавой экалогіі і біялогіі чаплі-лазяніка на ставах рыбгасаў (але гл. [1]) – усе значныя работы, прысвечаныя гэтым аспектам жыцця віду праводзіліся ў іншых тыпах месцапражыванняў і далёка ад Польшчы (напрыклад, [2 – 4]). У сувязі з гэтым, мы вывучалі размяшчэнне гнездавых пар, а таксама дэталі гнездавой біялогіі віду на 4 комплексах рыбгасаў у Люблінскім ваяводзтве (Усходняя Польшча) ў наваколлі мясцовасці Samoklęski (агульная плошча паверхні сажалак 185 гa), Garbów (128 гa), Czesławice (15 гa) i Zagroda-Kozieniec (76 гa). 

Усе чатыры рыбгасы знаходзяцца ў атачэнні сельскагаспадарчага ландшафту, а менавіта палёў, лугоў, невялікіх населеных пунктаў, невялікіх па плошчы лясоў і іншых дрэвастояў. Рыбацкая гаспадарка вядзецца тут экстэнсіўна. На амаль усіх ставах ёсць надводная расліннасць, якая займае істотную частку паверхні многіх вадаёмаў. Расліннасць гэта прадстаўлена галоўным чынам звычайным трыснягом (Phragmites australis) i рагозам (Typha sp.), таксама азёрным чаротам (Schoenoplectus lacustris) i асокамі (Carex sp.). Асноўны гадаваны від рыб – карп (Cyprinus carpio), які адрозніваецца ў розных ставах сваёй велічынёй. У значна меншай колькасці разводзяцца таксама іншыя віды карпавых, такія як белы амур (Ctenopharyngodon idella), а ў некаторых сажалках таксама шчупак (Esox lucius), сом (Silurus glanis), судак (Sander lucioperca). На адзінкавых сажалках з рыбгасаў у наваколлі Garbów i Samoklęski дазволена аматарскае рыбалоўства вудамі. 

Методыка: як мінімум раз на тыдзень з трэцяй дэкады красавіка 2014 году раніцай і ўвечары (у час найбольшай актыўнасці чапляў) мы праводзілі пошук і праверку гнёзд. Усе назіранні віду наносіліся на палявыя мапы. Дадаткова выкарыстоўвалася галасавая стымуляцыя. Сістэматычнае прачосванне надводнай расліннасці потым змянялася рэгулярнай праверкай знойдзеных гнёздаў раз у 2-8 дзён.  

Вынікi: На даследаваных рыбгасах адзначана агулам паміж 38 і 40 парамі чаплі-лазяніка. Размяшчэнне гнёзд было нераўнамерным. Усяго было знойдзена 36 гнёзд, якія размяшчаліся як у трыснягу, так і ў рагозе, і на кустах. Памеры гнёздаў (мералася цэнтральная, шчыльная частка) былі наступныя: дыяметр 14-24 х 12-20 см, вышыня гнездавой канструкцыі ад 8 да 44 см. Гнёзда былі збудаваныя альбо над самай паверхняй вады, або вышэй яе нават да 65 см. 

У даследаванай папуляцыі адкладка першых яек была вельмі расцягнута і назіралася паміж 5 мая і 18 ліпеня. Колькасць яек у першых кладках вагалася ад 3 да 7. Памеры яек у поўных кладках былі наступнымі: даўжыня 30,92-40,39 мм, шырыня 24,1-28,55 мм. Пачатак вылуплення птушанят таксама быў расцягнуты і працягваўся ад 26 мая да 8 жніўня. Поспех гнездавання быў 74%. Прычынамі гібелі кладак і птушанят былі: падвышэнне ўзроўню вады, заліванне гнёзд пад час навальніц, выкашыванне надводнай расліннасці, драпежніцтва, гібель бацькоў і застаўленне вывадкa па невядомых прычынах. 

Бібліяграфія

  1. Cempulik P. Bestandsentwicklung, brutbiologie und okologie der zwergdommel Ixobrychus minutus an fisch- und industrieteichen Oberschlesiens – Vogelwelt. – 1994. – № 115. – P. 19–27.
  2. Grattini N. Dati sulla biologia riproducttiva del tarabusino Ixobrychus minutus nel Parco Sovracomunale di San Lorenzo (Pegognaga, Mantova)– Alula. – 2011. – № 18. – P. 59–65.
  3. Pardo-Cervera F., I. H. Sorensen, C. Jensen, X. Ruiz, C. Sanchez-Alonso. Breeding biology of the little bittern Ixobrychus minutus in the Ebro delta (NE Spain) – Ardeola. – 2010. – № 57. – P. 407–416.
  4. Pezzo F., A. Benocci. Spatial behaviour of Little Bittern Ixobrychus minutus, implications for conservation - Avocetta. – 2001. – № 25. – P. 78.

The aim of the study was to investigate breeding biology of the Little bittern (Ixobrychus minutus) on fish ponds. The research was conducted in 2014 on four extensively managed pond farms in Lublin region, eastern Poland, where the main cultured fish was the common carp (Cyprinus carpio). From the end of April the ponds were controlled at least once a week to establish location and number of territories of little bitterns. In the second phase of the research nests were searched for by systematic wading through the reed beds. Active nests were controlled at 2-8 day intervals. In total 38–40 pairs of Little bitterns were recorded. 36 nests were detected in different types of emergent vegetation; nests were constructed from 0 to 65 cm above water level. The period of laying extended from 5 May to 18 July. The number of eggs in a full clutch ranged from 3 to 7. The period of hatching extended from 26 May to 8 August. The breeding success was estimated as 74 %. The causes of brood losses were: an increase of water level and nests flooding due to torrential rains, reed cutting, predation, brood desertion or parental death.

Filipiuk M., Zakład Ochrony Przyrody, Instytut Biologii i Biochemii, Uniwersytet Marii Curie-Skłodowskiej, Lublin, Polska, e-mail: maciejfilipiuk@o2.pl

Крыніца:

Filipiuk M. Biologia lęgowa bączka (Ixobrychus minutus) na stawach rybnych Lubelszczyzny w sezonie 2014 – wyniki wstępne. Зоологические чтения – 2015: Мат. Междунар. научно-практ. конф. (Гродно, 22–24 апреля 2015 г.) – Гродно: ГрГУ, 2015. – с. 7-8

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак Аляксандра Эрдмана