Паводле новага даследавання, многія рэдкія віды птушак Вялікабрытаніі за апошнюю дэкаду сталі адчуваць сябе лепш, чым іх звычайныя “крэўныя”.
Такім чынам, за апошнія 10 год амаль 60% з 63 рэдкіх відаў птушак, якія гняздуюць на Брытанскіх астравах, павялічылі сваю колькасць.
Для параўнання, толькі з адной трацінай з катэгорыі звычайных відаў адбылося тое самае.
Ў той жа час 28% рэдкіх відаў працягвалі змяншаць сваю колькасць, тады як для звычайных відаў гэтак адбывалася амаль з кожным другім відам (40%).
Рэдкія віды, якім пашанцавала, гэта скапа, драч, шыладзюбка, гародная стрынатка і палянік. Цікава, што для ўсіх пералічаных відаў выконваліся акцыі па іх ахове.
Сярод звычайных відаў, папуляцыі якіх змяншаюцца, канаплянка, заходні салавей, чорны свіргуль, звычайны шпак, дамовы верабей, танкадзюбая кайра. Для ніх знайшлі разнастайныя прычыны змяншэння колькасці, ў тым ліку звязаныя са зменамі ў вядзенні сельскай гаспадаркі.
Д-р Дэвід Ноўбл (Dr David Noble) з Брытанскага траста для орніталогіі (British Trust for Ornithology), сказаў: "Тое, што некаторыя з нашых самых рэдкіх птушак адказалі павелічэннем сваёй колькасці на нашы ахоўныя акцыі для іх – гэта выдатная навіна. Гэта паказвае, што мы можам дасягнуць поспеху. Што мы павінны рабіць далей – мы павінны працягваць добрую работу і выкарыстаць некаторыя з атрыманых урокаў каб дапамагчы нашым звычайным відам птушак”.
Д-р Марк Эверы (Dr Mark Avery), дырэктар RSPB па прыродаахоўных пытаннях, пракаментаваў вынікі даследавання так: "За апошняе дзесяцігоддзе мы змаглі адзначыць некаторыя выдатныя поспехі, асабліва звязаныя са змяншеннем пагрозы знікнення для некаторых відаў да такой ступені, што мы змаглі іх выкрэсліць з Чырвонага спісу і істотна павялічыць папуляцыі чырвонага каршуна, чаплі-бугая, шыладзюбкі, скапы і іншых відаў. Тым не менш, гэтыя трыюмфы азмрочаны змяншэннем колькасці некаторых звычайных відаў, якое працягваецца апошнія некалькі гадоў, такіх як палявы жаўрук, сокал-пустальга, шэрая курапатка”.
Агляд стану папуляцый 210 абарыгенных гняздуючых відаў птушак быў падрыхтаваны RSPB для кааліцыі прыродаахоўных арганізацый.
Здымак гнязда чаплі-бугая Мікалая Гулінскага
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Яшчэ на гэтую тэма на нашым сайце:
Вялікабрытанія можа страціць свой адзіны эндэмічны від птушак?
Не толькі на сушы, але і ў моры Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі Першы поспех у рэітрадукцыі дропаў ў Вялікабрытаніі Шатландзкаму крыжадзюбу больш не пагражае знікненне Марскія птушкі з узбярэжжаў Шатландыі знікаюць у непакоячым тэмпе Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ