15.12.2009: Нёман – шызыя і чайкі-рыбачкі

    Яшчэ ўчора ўвечары заўважыў 3-5 чаек насупраць нашага дому на Нёмане. Аднак часу паглядзець на іх бліжэй не было. І вось сёньня ў абед, выгульваючы нашага сабачку, вырашыў зайсьці за “стары” мост паглядзець на зьмены, якія адбыліся на рацэ пасьля начнога марозіку і невялікага сьнегу.

    Некалькі пар качак-крыжанак плавалі ў нашага і супрацьлеглага берагу, а бліжэй да падножжа новага замку ляталі і плавалі каля нашага берагу чайкі! Некаторыя рыбачылі, плаваючы, іншыя – плюхаліся ў ваду адразу з паветра.
Я дастаў здыймач і стаў паціху набліжацца да іх, каб зьняць для гэтага Назіраньня. І тут адбылося нешта…
Браўн – наш сабачка – вырашыў падбегчы да пары крыжанак як мага бліжэй, а так як лядок працягваўся см на 40-50 ўдздоўж усяго берагу, ён з разбегу ўпэўнена стаў на яго… і праваліўся ў ваду пярэднімі лапамі! Калі б качкі маглі сьмяяцца, усё навокал аглушыў бы іх гучны рогат! І хоць зарагатаць яны не змаглі, але цюціка з падмочанай рэпутацыяй паляўнічага яны ўжо не баяліся і трымаліся на бяспечнай адлегласьці ад нас м у 10-15.
   Тады цюцік рвануў да чаек, яны ўзляцелі і іх атрымалася дакладна падлічыць: 36 чаек, прыкладна палова рыбачак, усе ў зімовым уборы, а палова шызых. Яны сталі павольна падымацца насупраць былой прыстані, але некаторыя ўсё ж вярнуліся і ляталі бліжэй да маста і пасьля нашага адыходу. 

Фотаздымкі

Каментары

Сёньня -10С, на Нёмане шмат рознага памеру крыгаў. Пад Карчмой на лёдзе каля берагу сядзелі 56 крыжанак, прыкладна 50/50 самцоў і самак.