Казіміроўка 11-11-2012: Балотная сава, вялікі кулён і іншыя птушкі + VIDEO

Наша сёньняшняя выправа на птушак пачалася не вельмі звычайна - ад'ехаўшы каля 800м ад хаты мы сталі насупраць самага вялікага ў горадзе Скідальскага рынку ў час пік, бо я заўважыў вялікую групу амялушак на дрэвах каля базару. Відэа гэатга віду ў мяне ўжо ёсьць, але кароценькае і невысокай якасьці. А тут такі выпадак - шмат птушак, добрая адлегласьць і сонца! Грэх было не прыпыніцца дзеля такога выпадку.

Я пасьпеў зьняць 3 кароткіх відэа, як птушкі па некалькі ў групках сталі адлятаць - праз 5 секунд не засталося ніводнай!

Першых амялушак я бачыў сёлета яшчэ 3 лістапада і з гэтага часу чую і назіраю іх амаль штодня і ў вялікай колькасьці - будзе амялушкавая зіма!

Гэты наш першы незапланаваны прыпынак рыхтаваў нас да новых сюрпрызаў, якіх аказалася сёньня шмат.

Але ўсё па парадку.

Без прыгодаў мы даехалі ў пойму спрамленай ракі Лазоўка, што насупарць нізкі вёсак Тужаўляны-Казіміроўка-Баяры-Санькаўшчына. Тут штогод стараемся назіраць за паляваньнем і зімоўкай палявых лунёў. Вось і сёньня яны не падвялі - бачылі і самца, і самку. Пры чым апошняя за 10 хвілін злапала 3 мышападобных грызуны і апсьля гэтага працягвала паляваць!

Акрамя палявых лунёў, прыемна здзівілі тры самкі шуляка-карагольчыка, адну нават атрымалася сфатаграфаваць праз трубу:

Яшчэ больш - 7 залацістых севак і 7 кнігавак, каля двух сотняў яркіх, як у вызначальніку "Птушкі Еўропы", шпакоў і адзін, але вялікі КУЛЁН!

Але гэта былі не ўсе неспадзяванкі, якія чакалі на нас. Калі мы паволі набліжаліся да фермаў і вёсак, збоку ад машыны паказаліся дзьве птушкі, крумкач нападаў на некага і гэта (дзякуючы дзіўнаму сілуэту з вялізарнай галавой) аказалася балотная сава! Гэта была мая 5-я сустрэча з відам, але ніколі я не бачыў яе так блізка!

Я пачыў крычаць, каб Валодзік і Юра глядзелі на яе ў біноклі, выбег з машыны і ўключыў відэазапіс, але негледзячы на тое, што сава і не думала адлятаць далёка ад машыны з маім зумам х3 яна выглядала амаль як тоўстая рысачка на маніторы.

Але не прайшло і 5 секунд, як сава села на пагорак у зусім невысокія азімыя. Я з трасучыміся рукамі навёў на яе трубу і пачаў здымаць! Секунда, другая, трэцяя, чацьвёртая... На пятай птушка ўзляцела і вылецела з кадра:

Я нават не быў упэўнены, што відэа будзе рэзкім і таму яшчэ не мог радавацца напоўніцу.

Але здарылася нечаакнае - птушка пераляцела праз дарогу і села бліжэй да сьцяны трысьнягу. Тут на яе пачалі нападаць сарока і вялікі грычун, але рабілі гэта асьцярожна, бо сава сапраўды паварочвала галовай амаль імгненна ў патрэбны бок і рабіла гэта на 360 градусаў вакол сябе:

Я здымаў праз траву ля дарогі, бо не быў упэўнены, ці пасьпею выкруціць усе ногі трубы. Але сава пераляцела яшчэ на некалькі метраў і я зрабіў наступнае відэа. Ў гэты час з машыны выбраліся мае спадарожнікі і пасьпелі ў перапынках паміж відэасесіяй паглядзець на надзвычайную птушку праз трубу.

Яшчэ адзін пералёт і яшчэ адно відэа - на гэты раз атрымалася зьняць, як сава перабягае няўклюдна бліжэй да трысьнягу. Я ўжо ведаю, што хаця б адно з відэа павінна атрымацца неблагім і вырашаю ўстаць і паставіць трубу вышэй. Але ў гэты час сава пераляцела ў трысьнег і зьнікла сярод сьветла-жоўтых сьцяблін...

Яшчэ доўга ў машыне мы абмяркоўваем незвычайную сустрэчу і, задаволеныя, вяртаемся ў горад...

Каментары

 У самкі павіны быць рыжыя падкрылы. А ў вызначальніку птушак як Collins пра такое не пішуць. Пра гэта трэба глядзець іншыя вызначальнікі, больш падробныя.