14-04-2009: Грайна – туман і птушкі

З 7.50 да пр. 11.20. З ранку +3С, удзень каля +10, паўночны вецер.

Зноў мне пашчасьціла разам са здымачнай групай праграмы “Ў аб’ектыве натураліста” Гарадзенскага абласнога ТБ з’ездзіць у цікавае месца. З самага ранку пачало падымацца сонца, але было холадна, і паўсюль, асабліва над вадой, трымаўся туман. Перад Грайна мы завіталі на водасховішча ў Луцкаўлянах. Вада там выглядала нацягнутай і нерухомай фальгой. Навакольныя зарасьнікі з супрацьлеглых берагоў і нават не вельмі зграбныя дамкі прыгожа адлюстроўваліся і разам з невялікім пасам тумана прасіліся на фота. Далёка ад дарогі і ад нас пад супрацьлеглым берагам плавалі прыгажуны 5 самцоў і 3 самкі качкі-лапаноскі, 5 чубатых ныркоў, 4 вялікія коўры, 2 баклана і зусім нечаканая птушка – самец вялікага савука. Мы доўга разглядалі яго ў трубу, спадзеючыся, што раптам гэта доўганосы савук. Але марна.   На балоце значна ўпала вада, левая частка засталася амаль без вялікіх вадзяных прастораў. Каля канца дамбы вакол нас такавалі некалькі бакасаў, але рэшткі тумана хутка зьнікалі і іх пакручасты палёт рабіўся ўсё больш заўважным. Праз трубу мы разгледзелі 2х лебедзей-клікуноў і адразу ўзрадаваліся, што недарма сюды прыехалі. Бо менавіта клікуны павінны былі стаць аднымі з галоўных герояў праграмы. Віталік узрадаваўся не менш за мяне, бо для яго гэта быў чарговы новы від у асабісты сьпіс. Апэратар Андрэй з задавальненьнем засяродзіўся на шматлікіх разнастайных павуцінках, якія разам з гальлём літаральна зіхацелі на сонцы з-за кропляў расы-туману. І тут адбыліся дзьве нечаканыя рэчы. Першая: спачатку з боку Сьвіслачы, а праз нейкі час з боку Грайна раздаліся буханьні чаплі-бугая (Botaurus stellaris). Я яго тут чуў упершыню. Другая: Раптам сонца хутка пачало засоўвацца небачнымі, але шчыльнымі аблокамі, адразу і паўсюль падняўся моцны туман. Стала холадна. Як на зло з туману выляцелі на нас, а потым паляцелі за Сьвіслач 4 клікуны! Добра, што апэратар пасьпеў іх зьняць! Бо я зусім не быў упэўнены, што якія-небудзь іншыя клікуны засталіся на балоце ці каля яго…   Мы выйшлі з дамбы і паволі пачалі набліжацца да адкрытай вады, якая бялела плямкамі лебедзяў. І тут зноў прыемная неспадзяванка – перад намі ў трысьнягу пачаў сьпяваць ПГГ самец звычайнай чаротаўкі (Acrocephalus schoenobaenus)! А з-за дарогі ды з нашага боку балота мы дакладна пачулі бесперапынныя гукі цвыркуноў (Locustella naevia(?)(ПГГ). А хутка ў трубу я разгледзеў спачатку 2х, а потым яшчэ аднаго клікуна сярод 28 шыпуноў. Ёсьць што здымаць! Праз нейкі час сонца зноў вызірнула і туман таксама хутка зьнік, як і з’явіўся. Мы ішлі ўздоўж балота, калі нечакана спераду выляцелі 3 гуся, зрабілі кола і селі бліжэй да дамбы! Шэрыя гусі! І хаця я ўжо меў колькі фільмікаў з іх удзелам, зробленыя на моры ў Швэцыі, я вырашыў вярнуцца і паспрабаваць зьняць іх на Радзіме. Гусі падпусьцілі на прымальную для мяне і трубы адлегласьць, час ад часу дастаючы зялёныя кавалкі сьвежых расьлін (можа рагозу?). Я пакліка Віталіка і Андрэя, і яны змаглі здалёк паздымаць гусей і на камэру, і на фоцік. Шмат дзе чуліся галасы кулікоў-случкоў, а таксама такуючых кнігавак. За Ярмолічамі на амаль перасохлай раней вялікай калужыне нікога не было. Група закончыла здымкі каля прыгожага старога гнязда з парай буслоў зьверху. І хутка мы ўжо вярталіся дамоў.   На здымках: зьверху тройка шэрых гусей Клікун прыводзіць сябе ў парадак у тумане Шлюбныя гульні шыпуноў Шэрыя гусі ўзнаўляюць свае сілы сьвежай зелянінай Адна са шматлікіх ярмоліцкіх пар белага бусла

 

Фотаздымкі

Каментары

АВ (госць) - 15.04.2009 - 09:54

In reply to by Harrier

вядомае Сямашку? Але ж птушкі тры, не пара! Цікава было бы паназіраць за паводзінамі. Лоранц у ГОДЗЕ ШЭРАЙ ГУСІ піша, што сем'і могуць складацца з 2 гусакоў і гусыні...Хаця гэта могуць быць маладыя гусі з 2008, з аднаго вывадку. Вядома, што яны вяртаюцца да сваёй сям'і на працягу ўсяго жыцця, калі раптам застаюцца адні. На фота не добра бачна розніца паміж птушкамі.

Не, не Сямашку. Каманда-чэмпіён пад час Бёдрэйса-2005 (?) адзначыла там вывадак гусей. На першым ніжнім здымку бачна, што адна гусь з ружовай дзюбай, а дзьве іншых з аранжавымі.

АВ (госць) - 15.04.2009 - 11:50

In reply to by Harrier

вывадак у верасні - яшчэ не доказ гнездавання, хаця трэба лепей глядзець у гэтым годзе. Больна яны асцярожныя на гнездаванні. Колер дзюбы павінен вызначаць падгатункі: аранжавы - Эўрапейскі, ружовы- сібірскі, но не ўзрост адпаведна вызначальнікам. А ў натуры вы бачылі розніцу ў дзюбах уі толькі зараз па фота? Бёдуотч -2006, калі Гродна перамагло.

На фільміках і здымках колер добра адрозьніваецца, так што гэта не асаблівасьць, якая з'явілася пасьля падрыхтоўкі вывявы да выкладаньня на сайт. На жаль, паляўнічыя і там ходзяць, на дамбе бачылі адну гільзу, ды і ў пазамінулы раз 2 паляўнічых зльлевага боку, якія ішлі ад шашы. 

 У гэтым годзе плануюцца геабатанічныя дасьледаваньні, потым улікі вяртлявай чаротаўкі. Так што заўважыць будзе можна. Калі будзе што...

По Чарнецкому (Птушки Еуропы) rubrirostris -розовоклювые -гнездятся в восточной и южной Европе, anser -оранжевоклювые- в северной и западной. У нас явно они смешиваются. Намедни на Волме видел гусыню на гнезде с розовым клювом. Самца пока не видел.

  Я таксама праглядзеў сваіх гусей і заўважыў, што мне зазвычай трапляюцца ружовадзюбыя . .  .

 вось не так даўно знайшоў некалькі гнезд, на іх таксама "ружовы падвід"

Эх, Pandion! Што ж ты такія здымкі ў камэнтары вешаеш - напішы Назіраньне - пусьць нават кароценькае - будзе ўсім бачнае і да месца. Хаця б дзе, калі і якім чынам.

пачыная з сярэдзіны жніўня пачынаецца спуск сажалак і на іх заўсёды можна знайсці кулікоў, увесь верасень дакладна. Вераб'ёў ці фіфі пад сотню+ можа быць. Ну і рарытэты тыпа канотусаў, скватарола, ўсялякіх іншых калідрісаў, вялікіх зуйкоў...А ў Карабчыцах увосень не глядзелі?