14.11 і 21.11.2010 – Казіміроўка: палявыя луні, залацістыя сеўкі і малыя лебедзі

Не гледзячы на “шматпапер’е”, якое зноў бярэ верх над маім часам, вырашыў наведаць любімыя позьневосеньскія мясціны, дзе ўжо трэці год запар назіраю за палявымі лунямі. Гэта асушаная пойма спрамленай рэчкі Лазоўка недалёка ад Горадні.
У мінулую нядзелю паклікаў сваіх студэнтаў, аднaк усе яны, акрамя Сяргея, былі занятыя іншымі справамі, таму вырушылі мы ўдваіх. Прыкладна праз гадзіну да нас далучылася мая былая дыпломніца Тацяна, і працягвалі мы свае прыгоды з птушкамі (і не толькі) ўжо ўтраіх.

У парку торфабрыкетнага пасёлка мы заўважылі дзятла, які пералятаў даволі нізка паміж дрэваў і іх абломкаў і не даваў сябе добра разгледзець. Я ўсё ж неяк схітрыўся зьняць яго на фільмік праз трубу, дзякуючы чаму ўжо ў хаце зьмяніў першапачатковую версію аб сірыйскім дзятле (мне яшчэ ў полі падалося, што ў яго на галаве зашмат чырвонага) на самку сярэдняга.
Аднак мы прыехалі зусім не за ім і рушылі далей  -у пойму.
Даволі хутка мы ўбачылі першую самку палявога луня (Circus cyaneus), якая палявала над рэшткамі шматгадовых траваў. Адразу дадам, што ўсе мы вельмі ўзрадаваліся – для Cяргея гэта быў новы від, а для мяне – магчымасьць працягнуць свае назіраньні за паляваньнем палявых луней, якія застаюцца на зіму ў нас. Таня, якая далучылася да нас пазьней, да гэтага не бачыла самцоў палявых луней – так што кожны атрымаў сваю порцыю эксклюзіву.
Пад час шпацыру па палетках недалёка ад нас з зямлі ўзляцеў бакас, а потым м з 5 ірвануў уцякаць заяц-шарак.
Адразу трэба сказаць, што нам шанцавала і надалей, і мы не толькі назіралі мінімум за 2 самцамі і 3 самкамі луней, якія даволі пасьпяхова палявалі на мышападобных грызуноў, але мне яшчэ атрымалася зьняць іх паводзіны на фільмікі праз трубу. Як палюе самец я маю толькі адзін фільмік, а цяпер мая калекцыя павялічылася.
Аднак акрамя гэтых прыгожых птушак, мы маглі назіраць за яшчэ не за аднымі госцьмі з поўначы – за групкай пр. з 50 чачотак. А праз нейкі час мы раскрылі і дзіўныя кулічыныя пазыўкі, якяі чулі час ад часу, але не маглі зразумець хто гэта і адкуль.
Аказалася, што на ральлі сядзяць сотні кулікоў!. Калі яны ўзьляцелі, іх атрымалася падлічыць больш дакладна: каля 200 кнігавак (Vanellus vanellus) і прыкладна 1250 залацістык севак Pluvialis apricaria! Як мы ні ўглядаліся ў нашы трубы, іншых відаў сярод гэтых адзначыць не атрымалася. Але і гэтыя былі прыемнай нечаканасьцю…

У гэтую нядзелю я не ведаў, ці атрымаецца з’ездзіць «на лунёў» зноў. Але Сяргей нагадаў пра абяцаньне вырушыць зноўку разам на птушак яшчэ ў суботу.

З ранку ўжо не было дажджу і мы вырушылі на птушак дзякуючы маёй жонцы Алене на машыне разам з яшчэ адным студэнтам – Косцей.
На гэты раз нам пачало шанцаваць не адразу.
І хаця каля 40 чачотак былі амаль на тых самых зарасьніках быльля ўздоўж канала, і даволі хутка мы, дзякуючы ўжо знаёмым з мінулай нядзелі крыкам, убачылі хмарку-кліньня залацістых севак пр. з 300-350 птушак, палявых лунёў не было!
Мы аглядалі праз трубы пойму, пераходзячы ў новыя месцы, але луні прапалі!
 Я не мог у гэта паверыць – у мінулы раз яны так спраўна лапалі грызуноў, што наўрацьці яны змогуць дзе-небудзь паблізу або далёка адсюль знайсьці больш кормныя месцы. Аднак птушак не было, і я паступова пачынаў верыць у гэта.
Праз нейкі час Косця закрычаў: “Глядзіце, качкі!”  -і мы ўбачылі 4 масіўныя птушкі, якія спускаліся на вялікую калужыну м 500 ад дарогі. Аднак гэта былі не качкі, а сапраўдныя гусі. Пры разглядзе ў трубу яны вызначыліся як белалобыя (Anser albifrons).
Мы вырашылі не падыходзіць, каб не спалохаць іх – бліжэй да вёсак, прыкладна ў 1,5-2 км ад нас траву прачэсваў ланцуг з 4 паляўнічых і сабакі.
Праз непрацяглы час нас чакала новая кампенсацыя за адсутнасьць лунёў – хутка і ніхка, як вялікі шэры сьвіргуль, ад дарогі збоку ад нас праляцеў сокал-дрымлюк (Falco columbarius)! Сяргей змог яго знайсьці ў трубу, і мы пагялдзелі, як ён далёка ад анс чысьціў сваё пер’е.
Як аказалася, менавіта сокал дапамог убачыць нам першую з двух самку палявога луня – яна палявала даволі далёка ад нас, бліжэй да зарасьнікаў трысьнягу. Вось і галоўная наша мэта ёсць!
Аднак і гэта было яшчэ не ўсё! Даволі хутка пасьля гэтага мы пачулі гукі вялікіх крылаў і на калужыну да гусей селі 2 лебедзя.
У трубы яны выглядалі сапраўднымі прыгажунамі. Тым больш, што калі яны супакоіліся і апусьцілі свае выцягнутыя для разгляду навакольля шыі, то аказаліся малымі лебедзямі (Cygnus bewickii), адзін з якіх меў амаль чорную дзюбу.
Вось дык сюрпрыз! Для ўсіх траіх гэта быў новы від, а для мяне – трэцяя сустрэча, пры чым першая  -ўвосень.
Я паздымаў іх здалёк (вельмі тэхнічныя здымкі праз трубу іх і гусей Вы можаце паглядзець ніжэй), аднак падыходзіць бліжэй мы зноў не сталі.
На канец нашых назіраньняў здалёк паказалася групка ў 20-25 кнігавак.
І мы вырушылі назад, поўныя моцных уражаньняў ад незвычайных сустрэч.
 

Фотаздымкі

Каментары

 Дзякуй за рэпартаж =) таксама захацелася кудысьці выехаць.. а гусі-лебедзі на фатаздымках атрымаліся нічаво такія, ад слова нічаво =) але паверым на слава. А для Косьці і Сяргея віншаваньні - першы раз і такі від!!! крочце далей з намі, далей будзе яшчэ цікавей... Прывітаньне Танечцы перадавайце =)

Мой фоцік, якім больш-менш зносна здымаю праз трубу, зламаўся. Таму спрабую цяпер другім, але атрымліваецца нашмат горш (:

Маю фільмікі  ўсіх відаў, акрамя дрымлюка -яны лепшай якасьці, аднак па тэхнічных прычынах і недахопу часу не магу іх выкласьці на ЮТуб.

Так што сапраўды прыйдзецца паверыць на слова:)