Ад вясны да зімы - тысяча крокаў.

    Сёньня была самая сапраўдная вясновая пагода. І не таму, што не так ужо і даўно былі вялікія маразы, а сьнег і ў лесе, і пад вакном можна было мераць дзесяткамі сантыметраў. Таму і на кантрасьце любое пацяпленьне можна вітаць як вясну.

Проста сапраўды было яркае сонейка, амаль безветрана і ЦЁПЛА.

Таму пасьля хатніх спраў і абеду схапіў трубу і вырушыў на Нёман.

На вуліцы гаманілі вераб'і і сьпявалі сініцы - грэх было не далучыць свой голас "ЗА вясну" ў такі дзень!

Перш чым апісаць наступныя падзеі, варта заўважыць, што я не памятаю такой высокай вады ў Нёмане, якая трымалася прыкладна ў сьнежні-студзені. Пасьля чамусьці стала спадаць і каля тыдня таму ўзровень лёду на берагах і вады ў рацэ атрымаў найбольшую розьніцу ў месца распалажэньні - па вышыні іх стала аддзяляць амаль 1,5 мэтра!

За апошнія дні вада стала прыбываць і цяпер паміж ільдом і вадой толькі каля мэтра розьніцы.

Большую частку вялізарных крыгаў каля Старага маста, каля якіх амаль усю зіму гудзела, прарываючыся далей, вада ўжо зьнесла ў Балтыку. Тое, што засталося (гл. здымак), мае несур'ёзны выгляд і памеры.

Зьніклі тут і качкі - і гогалі, і вялікія савукі. А крыжанак гэтай зімой тут амаль і не было.

Гучна пераляталі праз Нёман і займалі вяршаліны дрэваў вакол порту каля сваіх гнёзд гракі ды іншыя крумкачовыя.

Я спачатку нават падумаў, што паўночныя качкі ўжо адляцелі - настолькі непрывычна цёпла было. Але пасьля вусьця Гараднічанкі Нёман паказаў сябе ў зімовым уборы - чым далей, тым было больш крыгаў і сплашнога ільду. А вось і качкі - пад другім берагам мітусіліся 13 вялікіх савукоў. Але яны не ныралі як раней, каб злапаць рыбу ці жабу. ? самцоў і 5 самак (адна спала на крызе каля асноўнай групы) ўдзельнічалі ў нейкім яўна вясновым рытуале. Качкі плавалі невялікімі петлямі-кругамі і час ад часу самкі з адкрытай дзюбай нападалі на самцоў! Самцы "адбягалі-адплывалі", але недалёка, і праз нейкі час напад паўтараўся.

Недалёка ад савукоў плавалі, пераважна па парах, качкі-крыжанкі. Усяго іх атрымалася налічыць 5 пар+2 самца + 2 пары бліжэй да вострава перад Новым мастом.

Цікава, што спачатку расшпілены, я адчуў паўночны вецер, які мацнеў і прымушаў успомніць пра тое, што яшчэ толькі канец лютага.

Востраў перад Новым мастом быў амаль цалкам скуты лёдам - далей зіма яшчэ трымала свае пазіцыі. І хаця некаторыя лясныя пагоркі ўжо нават не мелі сьнегу (гл.здымак), радавацца канчатковай перамозе цяпла над холадам было рана... 

Фотаздымкі

Каментары