Пасля таго, як я паназіраў за двума вялікімі галубамі (Columba palumbus), якія даволі спраўна елі зялёныя часткі расліннасці, а жалуды ад недалёкіх дубоў калі і падымалі, то толькі каб потым іх кінуць, убачыць маладую птушку непасрэдна на дубе для мяне было адкрыццём. Здавалася, што галубоў жалуды пакуль што не цікавілі. Я ў мінулыя сезоны бачыў, як гэтыя птушкі прыляталі і перш, чым сесьці пад дубамі і з'есці жалудоў, яны сядалі ў кроны дрэваў і агледжваліся - ці не чакае дзе побач небяспека?
Але ў гэты раз атрымалася паназіраць нешта новае - малады голуб і не думаў сядаць пад дубы і выбіраць ежу там, таму што нашмат больш жалудоў яшчэ віселі на галінах і ён хутка абрываў адзін за адным непасрэдна на дрэве і гэтак жа хутка праглынаў іх:
Канешне, не ўсе жалуды абарваныя птушкай жалуды былі з'едзены - некаторыя ці то не атрымалася ўтрымаць у дзюбе, ці то яны нечым не спадабаліся галубу і ўпалі пад дрэва. Але мінімум некалькі было з'едзена і птушка з дуба пераляцела некалькі метраў і села на бліжэйшую ліпу, дзе яе было таксама цяжка заўважыць (гл. апошнія здымкі).
Зразумела, што на зямлі, пад дубамі, выбар жалудоў быў бы нават большы, але хутчэй за ўсё голуб рваў іх на дрэве па прычыне яўна большай бяспекі. І толькі праз 10 дзён я тую рэальную небяспеку ўбачыў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Гродна, 22-09-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ