Мае восеньскія назіранні вялікіх галубоў (Columba palumbus) пачаліся ў скверыку на супрацьлеглым нашаму беразе ракі даволі звычайна. Адна з птушак, якія за апошнія дзесяцігоддзі паспяхова каланізавалі нашы населеныя пункты і сталі даволі прывычным элементам гарадзкой прыроды, прызямлілася недалёка ад мяне і стала актыўна адрываць і праглынаць кавалкі яшчэ зялёных лісцікаў на газоне. Такія ж паводзіны я не аднойчы назіраў і вясной, таму не здзівіўся. Але праз хвілін пяць адбылося нечаканае: на гэтага галуба, наляцеўшы зверху, амаль села шэрая варона. выглядала гэта як яўнае хуліганства, бо ніякага сэнсу ў гэтым для вароны, здаецца, не было. Спалоханы голуб адляцеў і наступны раз я ўбачыў вялікіх галубоў недалёка ад гэтага месца, але шукалі і праглыналі ўжо зусім іншую ежу.
Раней я чуў ад, на жаль, заўчасна памерлага д-ра Людвіка Томялойця, між іншым даследчыка вялікіх галубоў і іх сінурбізацыі, пра тое, што на зімоўцы ў Гішпаніі гэтыя птушкі харчуюцца амаль выключна жалудамі тамтэйшых коркавых дубоў. Я бачыў шмат гэтых дрэваў у гарах Атлас у Марока, але чамусьці ў мяне засталося ўражанне, што іх жалуды меншага памеру за жалуды нашых дубоў. Таму калі на наступны дзень я ўбачыў, як спачатку двое, а потым трое, чацвёра і нарэшце пяцёра вялікіх галубоў старанна выбіралі і часам без бачнага высілку праглыналі жалуды пад дубамі, я моцна здзівіўся:
Раней я такога не бачыў (бо раней і не назіраў за гэтым відам увосень) і чамусьці думаў, што нашы жалуды завялікія, каб галубы маглі імі харчавацца. Але зараз загугліў памеры жалудоў коркавага дуба - яны не вдрозніваюцца ад 'нашых' жалудоў. І такім чынам усё стала на свае месцы) Нават напад шэрай вароны, які я назіраў у пачатку назіранняў, стаў для мяне зразумелы. Бо пазней жалудамі даволі ахвотна харчаваліся на маіх вачах не толькі вялікія галубы, але таксама гракі, каўкі і шэрыя вароны. І ўсе з пералічаных відаў час ад часу стараліся прагнаць галубоў-канкурэнтаў з-пад дубоў.
07-09.10.2022, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг гісторыі ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 15.10.2022 - 21:25
Класнае назіранне і здымкі!…
Класнае назіранне і здымкі! Пасля такога яго можна лічыць сапраўдным лясным голубам).
Harrier - 16.10.2022 - 01:16
Шчыры дзякуй, Мікалай. Так,…
Шчыры дзякуй, Мікалай.
Так, адаптацыі да жыцця ў лесе "не прап'еш" і ў горадзе)