Працяг гісторыі, пачатак ТУТ
Вялікія галубы (Columba palumbus) прыляталі пад дубы ў розным складзе, максімальна іх збіралася там 5 асобін. Прычым яны стараліся трымацца паблізу адзін аднаго, хаця месца, дзе выбіраць жалуды, хапала каб збіраць іх і на вялікай адлегласці. Магчыма, што гэта было звязана з пачуццём бяспекі ў групе, а для гэтага трэба было яе ўтварыць і яе трымацца. Добра вядома, што галубы могуць узлятаць па-рознаму ў розных сытуацыях: гучна хлопаюць крыламі і так папярэджваюць пра небяспеку іншых птушак, ці ціха, калі небяспекі няма. Таму атакаваныя птушкі таксама маглі б хлопаннем дапамагчы іншым, але на адлегласці адзін ад аднаго яўна павялічвалася небяспека для такіх аддаленых ад іншых птушак, бо яны маглі б прапусціць прыбліжэнне драпежніка. І хаця патэнцыйных драпежнікаў я там не ўбачыў, можа акрамя сабак, якіх часам выгульвалі без шворкі, шэрыя вароны і гракі яўна стараліся прагнаць галубоў. Не кожны раз, калі сустракаліся разам пад дубамі, але даволі часта.
Для мяне гэтыя атакі канкурэнтаў на галубоў выглядалі як зайздрасць) Справа ў тым, што галубы без праблем праглыналі жалуды цалкам у адрозненне ад крумкачовых, якім прыходзілася спачатку разбіваць абалонку жолуда ударамі дзюбы перш, чым дабрацца да ўласна насення і потым працяглы час даставаць яго кавалачкамі, Зразумела, што голуб знаходзіў і з'ядаў не менш 5 жалудоў, пакуль грак ці варона паспявалі з'есці хаця б адзін) Але з іх слабай дзябай у галубоў проста не было іншага выбару, як толькі праглынаць адзін за адным смачныя жалуды)
Тым не менш уявіце сабе наколькі моцным павінен быць мускульны страўнік голуба і колькі там павінна быць гастралітаў, каб расцярушыць і абалонку жалуда, і яго змесціва!..
Часам пасля атак грака ці вароны галубы адляталі далёка і надоўга, а часам пераляталі паблізу і зноў шукалі жалуды. Звычайна знойдзены жолуд не праглынаўся птушкай адразу, а пэўна ацэньваўся-узважваўся на непашкоджанасць змесціва, падымаўся і выпускаўся раз за разам, каб быць павёрнуты ў дзюбе адпаведным чынам і без высілку знікнуць у роце птушкі. Зразумела, калі птушка ацэньвала яго як добры.
09-10.10.2022, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ