Я бачыў звычайных зімародкаў (Alcedo atthis) на самых разнастайных прысадах: на галінах жывых і мёртвых дрэваў і кустоў, на камянях, будаўнічым смецці, металаломе, бакене, трыснягу, на бетонных пабудовах і нават проста на пяску ля вады. Але на рагозе - ні разу.
Здавалася б - выдатная прысада для яго: расце пры вадзе або ў ёй, вышыня больш-менш адпаведная, каб паспяхова з яго рыбачыць. Сцябліна і мяцёлка над ёй устойлівыя да нязначнай вагі птушкі. А галоўнае - дастаткова тоўстая і мяккая 'мяцёлка', на якой, як я думаў, зімародку было б вельмі зручна сядзець. Але ці то зімародкі не маглі ацаніць рагоз як прысаду там, дзе яна ім была патрэбная, або мне не шанцавала ўбачыць гэты выбар, або я ў нечым памыляўся.
У рэшце рэшт, калі мне ў апошні дзень кастрычніка пашанцавала, я цяпер думаю, што прычына збольшага ў тым, што я памыляўся ў зручнасці прысады. Але пра гэта яшчэ будзе пазней.
Перад востравам, які рака намыла за дзесяцігоддзі пасля будовы т.зв. новага маста праз Нёман ёсць свае, больш дробныя памерам астраўкі. Адзін з іх добра зарос рагозам і знаходзіцца каля адной з некалькіх быстрын - месцаў, дзе плынь прыспяшае. На адным з нахіленых над вадой рагозаў і сеў зімародак. Я спачатку ўбачыў яго праз іншыя расліны і хаця пачаў здымаць амаль адразу, як убачыў даўно чаканы сюжэт, даволі хутка выйшаў на больш адкрытае месца і ўжо адтуль, хаця і здалёк, паздымаў яркую птушку.
Аднак прасядзеў зімародак на тым нахіленым рагозе не так доўга - каля 5 хвілін, пасля чаго сарваўся і нырнуў бліжэй да берага:
Я ўжо думаў, што гэтым наша сустрэча скончыцца, але праз секунды птушка зноў села на рагоз, толькі на ненахілены і пры беразе ракі. Я яшчэ паспеў зрабіць 2 ці 3 кадры і там, а потым зімародак пераляцеў яшчэ раз і знік.
Але не прайшло і 7 хвілін, як адбыўся не менш чаканы і прыемны прылёт - птушка 'прыняла' маю прысаду, якую я зрабіў для яе са старых, мёртвых галін таполі і як мог пры нізкім узроўні вады ў рацэ, замацаваў камянямі. Прычым зімародак не проста сеў пасядзець. Некалькі секунд ён выглядваў пад сабой рыбу і з невялікай горачкай (каб узляцець на вышыню троху большую, чым дазваляла пікіраванне непасрэдна з прысады) нырнуў. Я чакаў, што ён пусты або з рыбкай вернецца на прысаду, але ён быццам бы знік у вадзе - аказалася, што нічога не злавіўшы, ён сеў на самае нізкае яе адгалінаванне і я мог бачыць праз расліннасць толькі яго галаву.
Не самы паспяховы, але пачатак выкарыстання маёй прысады быў пакладзены. І калі зімародак адляцеў на іншы бераг, я задаволены пайшоў дахаты.
31-10-2025, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 25.11.2025 - 15:10
Интересная история с…
Интересная история с иллюстрациями! Я, когда устанавливаю присаду для зимородка, учитываю их привычку стучать рыбкой по-чему то твердому, ну и, желательно, горизонтальному. Початок рогоза, наверное, не очень подходит по этим критериям.
Harrier - 25.11.2025 - 15:34
Дзякуй! Так, аб яго рыбку…
Дзякуй! Так, аб яго рыбку дакладна не заб'еш колькі не стучы)