Пасля першых халодных начэй ужо можна было чакаць гэтага, але ўсё роўна яно адбылося нечакана. Я стаяў на беразе Нёмана і раптам, у некалькіх метрах ад мяне, затрашчаў крапіўнік (Troglodytes troglodytes). А потым пачаў памалу пералятаць паміж высокай прыбярэжнай расліннасцю і кустамі вярбы, і зноў трашчаў час ад часу. Я ўжо ведаў, што гэта азначае - прыйшоў час шукаць і выбіраць - пакуль ёсць магчымасць - зімовую тэрыторыю. Бліжэй да пачатку зімы практычна ўся берагавая лінія каля незамёрзлай вады падзелена паміж гэтымі птушачкамі і ў таго, хто вырашыць выбіраць першым або сярод першых, выбар велізарны. Але як даведацца, што месца яшчэ незанятае? Правільна, трэба абвесціць на ім сваю прысутнасць і найлепш зрабіць гэта гучна і адразу. Таму і трашчаў крапіўнік, як бы пытаючы - а ёсць тут хто? Ну а пакуль ёсць выбар, пералятаў няспешна і шукаў што падыйдзе найлепш і што ёсць сэнс бараніць ад іншых прэтэндэнтаў.
І хаця гэтыя пералёты адбываліся ўсё бліжэй і бліжэй да мяне і я нават бачыў карычневага гнома з задзёртым дагары хвосцікам, сфатаграфаваць яго ўсё не атрымлівалася. Але нешта ўнутры ўнушала мне - пачакай яшчэ, не адыходзь. І я застаўся. Прайшло хвілін 5 і на адзін са шматлікіх валуноў у вадзе перад востравам села нейкая невялікая птушка. Да яе было метраў 15 і я не адразу зразумеў, што гэта... зімародак (Alcedo atthis)!
Вось дык сюрпрыз! Я на нейкі час забыўся пра няўлоўнага крапіўніка, тым больш ён перастаў трашчаць і стаў здымаць больш цікавы, і як аказалася, больш лёгкі аб'ект. Не было сумневу, што зімародак бачыць мяне, але не звяртае ўвагу. Магчыма таму, што я быў у камуфляжнай бундэсвераўскай куртцы і стараўся не рабіць рэзкіх рухаў.
Прайшла можа хвіліна ці дзве і адбылося яшчэ больш нечаканае - зімародак пераляцеў і сеў на іншы валун, метрах у 5 ад мяне. Цяпер нас аддзяляла ад сябе толькі гэтая невялікая адлегласць і купіна зялёнай расліннасці. Хутчэй за ўсё калі б я трошкі пасунуўся ўбок і ўбачыў птушку адкрытай, яна б спалохалася б і адляцела. Але я знайшоў невялікі прасвет паміж вертыкальным лісцем і пачаў здымаць яго такім чынам.
На гэтым валуне птушка прасядзела ўсяго некалькі секунд, узляцела, адляцела метраў 15 вышэй па плыні і завісла на вышыні каля 2 метраў над вадой яркім матылём. Там я ўжо не паспеў яго сфоткаць. Зімародак нырнуў і потым праляцеў міма мяне так хутка, што я не паспеў разабраць ці ён пусты, ці злавіў нешта невялікае.
На гэтым наша сустрэча скончылася. Але тут зноў недалёка затрашчаў крапіўнік і ў гэты раз я нават паспеў яго зняць, хоць і здалёк)
Гродна, 02-10-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ