Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Зімародак: Калі мары збываюцца

зімародак

Я бачыў звычайных зімародкаў (Alcedo atthis) на самых разнастайных прысадах: на галінах жывых і мёртвых дрэваў і кустоў, на камянях, будаўнічым смецці, металаломе, бакене, трыснягу, на бетонных пабудовах і нават проста на пяску ля вады. Але на рагозе - ні разу. 

Здавалася б - выдатная прысада для яго: расце пры вадзе або ў ёй, вышыня больш-менш адпаведная, каб паспяхова з яго рыбачыць. Сцябліна і мяцёлка над ёй устойлівыя да нязначнай вагі птушкі. А галоўнае - дастаткова тоўстая і мяккая 'мяцёлка', на якой, як я думаў, зімародку было б вельмі зручна сядзець. Але ці то зімародкі не маглі ацаніць рагоз як прысаду там, дзе яна ім была патрэбная, або мне не шанцавала ўбачыць гэты выбар, або я ў нечым памыляўся.

У рэшце рэшт, калі мне ў апошні дзень кастрычніка пашанцавала, я цяпер думаю, што прычына збольшага ў тым, што я памыляўся ў зручнасці прысады. Але пра гэта яшчэ будзе пазней

Перад востравам, які рака намыла за дзесяцігоддзі пасля будовы т.зв. новага маста праз Нёман ёсць свае, больш дробныя памерам астраўкі. Адзін з іх добра зарос рагозам і знаходзіцца каля адной з некалькіх быстрын - месцаў, дзе плынь прыспяшае. На адным з нахіленых над вадой рагозаў і сеў зімародак. Я спачатку ўбачыў яго праз іншыя расліны і хаця пачаў здымаць амаль адразу, як убачыў даўно чаканы сюжэт, даволі хутка выйшаў на больш адкрытае месца і ўжо адтуль, хаця і здалёк, паздымаў яркую птушку.

Аднак прасядзеў зімародак на тым нахіленым рагозе не так доўга - каля 5 хвілін, пасля чаго сарваўся і нырнуў бліжэй да берага:

Я ўжо думаў, што гэтым наша сустрэча скончыцца, але праз секунды птушка зноў села на рагоз, толькі на ненахілены і пры беразе ракі. Я яшчэ паспеў зрабіць 2 ці 3 кадры і там, а потым зімародак пераляцеў яшчэ раз і знік.

Але не прайшло і 7 хвілін, як адбыўся не менш чаканы і прыемны прылёт - птушка 'прыняла' маю прысаду, якую я зрабіў для яе са старых, мёртвых галін таполі і як мог пры нізкім узроўні вады ў рацэ, замацаваў камянямі. Прычым зімародак не проста сеў пасядзець. Некалькі секунд ён выглядваў пад сабой рыбу і з невялікай горачкай (каб узляцець на вышыню троху большую, чым дазваляла пікіраванне непасрэдна з прысады) нырнуў. Я чакаў, што ён пусты або з рыбкай вернецца на прысаду, але ён быццам бы знік у вадзе - аказалася, што нічога не злавіўшы, ён сеў на самае нізкае яе адгалінаванне і я мог бачыць праз расліннасць толькі яго галаву. 

Не самы паспяховы, але пачатак выкарыстання маёй прысады быў пакладзены. І калі зімародак адляцеў на іншы бераг, я задаволены пайшоў дахаты.

31-10-2025, Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

Каментары

Интересная история с иллюстрациями! Я, когда устанавливаю присаду для зимородка, учитываю их привычку стучать рыбкой  по-чему то твердому, ну и, желательно, горизонтальному. Початок рогоза, наверное, не очень подходит по этим критериям.