Здымкі сокалаў-падарожнікаў пацверджваюць гіпотэзу пра 'маску' ад сонечнага асвятлення?

Многія наземныя віды жывёл – і птушкі не выключэнне, маюць чорную ці цёмную палоску, якая ідзе праз вока ці нават заходзіць пад яго. Лічыцца, што гэта спецыяльная адаптацыя для відаў, якія палююць на адкрытай прасторы - яна абмяжоўвае колькасць святла, якое трапляе ў вока. І такім чынам дазваляе добра бачыць нават ва ўмовах вельмі яркага асвятлення. Аднак адназначна даказаць гэтую гіпотэзу яшчэ не атрымлівалася.

Каманда даследчыкаў з Fitz Patrick Institute of African Ornithology і універсітэту Witwatersrand (Рэспубліка Паўднёвай Афрыкі), вырашыла праверыць адпаведнасць гэтай гіпотэзы рэчаіснасці на прыкладзе касмапалітычнага віду птушак – сокала-падарожніка (Falco peregrinus).

Дзякуючы вялікай колькасьці фотаздымкаў сакалоў з розных месцаў іх гнездавога арэала з  вядомай геалакацыяй, загружаных карыстальнікамі ў базы eBird (Macaulay Library) i iNaturalist, даследчыкі змаглі параўнаць варыябельнасць чорнага апярэння пад вачыма птушак упершыню фактычна ў глабальным маштабе.

Калі гіпотэза пра карысць чорнага апярэння вакол вока як абмежаванне для святла правільная, сокалы, якія жывуць у месцах з асвятленем большым за сярэдняе, павінны мець большыя і цямнейшыя ўчасткі апярэння пад вачыма. Зразумела, што могуць быць і іншыя, альтэрнатыўныя тлумачэнні гэтага. Два найбольш вядомыя з іх – правіла Глогера (Glogers rule), якое кажа, што жывёлы таго ж віду з больш цёмнай афарбоўкай жывуць у больш вільготных месцах, і правіла Богерта (Bogerts rule), што прадстаўнікі таго ж віду ў больш халодным клімаце павінны быць цямнейшымі.

Каб праверыць усе тры гіпотэзы ў адносінах да сокала-падарожніка, былі выкарыстаныя больш за 2 тысячы здымкаў, на якіх здымаліся прамеры цёмнага апярэння пад вачыма  птушак (плошча і насычанасць чорнага) і кліматычныя дадзеныя для месцаў, дзе былі зроблены здымкі сокалаў у гнездавы час.

Аказалася, што гіпотэза пра сувязь цёмнага апярэння на галаве з абмежаваннем сонечнага асвятлення, якое трапляе ў вочы сакалоў, атрымала пацверджанне, бо менавіта ў рэгіёнах з  павялічанай сонечнай радыяйцыяй цёмныя ўчасткі апярэння пад вачыма былі самымі вялікімі і цёмнымі ў параўнанні з іншымі. Гіпотэзы, заснаваныя на фармулёўках правілаў Глогера і Богерта атрымалі слабае пацверджанне дадзенымі.

Аднак даследчыкі засцерагаюць ад адназначных інтэрпрэтацый зробленай імі высновы, бо сокалы-падарожнікі некаторых падвідаў мігруюць на зіму на вялікую адлегласць, дзе ступень асвятлення можа быць значна большай за месцы гнездавання, таму як мінімум  для часткі птушак усё можа быць не так адназначна.

Крыніца: M. C. Reynolds, and A. Amar (2021). Malar Stripe size and prominence in peregrine falcons vary positively with solar radiation: support for the solar glare hypothesis. Biology Letters 17:20210116. https://royalsocietypublishing.org/doi/10.1098/rsbl.2021.0116

Паводле www.macaulaylibrary.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак маладога сокала-падарожніка Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Чаму грычуны падобныя да Zorro?