Сірыйскія дзятлы ( Dendrocopos syriacus ) у Кобрыне

Амаль кожны год знахожу новае дупло з гэтымі цікавымі дзятламі. Сёлета таксама пашанцавала. У гэтай пары вывадак даволі позні: птушаняты яшчэ малыя і толькі ціха папіскваюць у дупле, калі дарослая птушка прыносіць корм. Адна з прычын, па якой дзятлы маюць такі позні вывадак, можа быць канкурэнцыя з шпаком - шпакі часта " адбіваюць" у сірыцаў дупла і тыя вымушаныя будаваць новае.  Я не чую, што і ў які момант " кажа " дарослая птушанятам, але яшчэ да таго, калі дзяцел закрое ляток целам, калі толькі прысядзе на суседнюю галінку, ў гняздзе ўжо ідзе гаворка. Ў мяне ёсць звычка - важу з сабой тэрмас с кавай і калі знахожу нешта цікавае, альбо бачу новы від, дастаю і смакую і ў прамым і пераносным сэнсе. А тут вырашыў і паназіраць за кармленнем дзятлікаў. Дарослыя птушкі прыляталі праз 5 - 7 хвілін, думаў будуць радзей карміць. Быў ранак, толькі палова сёмай і таму даволі холадна. Пасля чатырох кармленняў дарослая ( самка ) засталася абаграваць птушанят. Гэта і тое, што птушаняты яшчэ не высоўваюцца з дупла, сустракая родзічэй, дае падставу меркаваць, што ім няма дзьвух тыдняў. Цікава, што калі самка абагравала птушанят, самец не з'явіўся ні разу каля дупла - перапынак на каву і ў яго... 21 чэрвеня 2017 года, Алег Кальчанка, Кобрын

Фотаздымкі