Дакументацыйныя здымкі і відэа
Зразумела, што птушкі першымі знаходзяць спелыя ягады, якімі могуць харчавацца. Па-першае, ім "сверху відно всё", па другое, яны больш за нас, людзей, зацікаўлены своечасова знайсці для сябе новую ежу і па магчымасці без канкурэнцыі пачаць яе спажываць.
Таму, напрыклад, "сезон чарэшні" дразды-піскуны (Turdus pilaris) і звычайныя шпакі (Sturnus vulgaris) адкрылі ўжо ў сярэдзіне трэцяй дэкады чэрвеня, аднак дзейнічалі яны па-рознаму.
Дразды стараліся адарваць саму ягаду і тады праглыналі яе з косткай. Калі яна не адрывалася, адрывалі ад ягад кускі непасрэдна на дрэве.
Шпакі ж яўна ўспрымалі чарэшні (ды і вішні) завялікімі, каб іх праглынаць цалкам, таму стараліся, адарваўшы чарэшню, неяк дастаць з яе костку. З боку гэта выглядала як жудаснае 'забойства' ягады - яны яе раздзёўбвалі і амаль патрашылі, час ад часу трэслі ці 'білі' аб зямлю)
Дамовыя вераб'і (Passer domesticus), якія яшчэ меншыя за шпакоў і яўна не могуць праглынуць чарэшню ці вішню цалкам, дзейнічалі хітрэй за шпакоў. Яны або адрывалі кавалкі ягад (бачыў, як прыносілі тыя кавалкі сваім слёткам-птушанятам), або, як гэты вынаходнік на відэа, смакталі з ягад сок:
На здымках ніжэй добра бачныя цёмныя плямы на пер'е маладога вераб'я яўна ад сока вішні)
Ну і прасцей за ўсёаказалася шэрым варонам (Corvus (corone) cornix), якія нячаста ласуюцца ягадамі. Але гэтая маладая птушка прoста села зверху вішні, адарвала ягаду, і калі рассмакавала, праглынула яе.
Хто і калі прыляціць за настпунымі ягадамі, пакажа бліжэйшы час, бо вішні хутка спеюць гэтым сапраўдным летам.
24.06 - 08.07.2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ