З пачаткам марознай часткі зімы на Нёмане ў межах гораду з'явіліся не толькі нашмат больш вадаплаўных, але, як аказалася, і птушкі, якія могуць іх здабыць.
15 лютага я ўбачыў першага арлана-белахвоста (Haliaetus albicilla) над цэнтрам гораду і ракой за гэтую зіму. Ён няспешна і не надта высока праляцеў уніз па плыні ракі ў суправаджэннi 2-3 шэрых варон (Corvus corone corax), якія не вельмі набліжаліся да яго, але і не надта адставалі. А пра тое, што я хутка ўбачу арлана мне падказалі ... качкі-крыжанкі (Anas platyrchynchos), якія раптам і моўчкі ўзняліся ў неба каля пляжа і паляцелі некуды за стары мост.
Ранкам 19 лютага ўсё паўтарылася, толькі некалькі качак перш, чым пераляцeць за мост, спачатку прывадніліся ў другой падобнай групы, а ўжо потым, усе разам, узняліся ў паветра. У гэты раз вароны, здаецца, 'перадавалі' арлана адна адной акрамя той, што ляцела за ім і над ім пастаянна і час ад часу амаль сядала драпежніку на галаву. Іншыя ж праляталі некалькі дзесяткаў метраў і адварачвалі на бераг, а з берага да эскорту далучалася іншая варона.
Аднак у той жа дзень увечары, калі я ізноў спачатку заўважыў узлёт качак, а потым, праз некалькі секунд убачыў у небе арлана, ніхто яго не суправаджаў. Хутчэй за ўсё арлан проста ляцеў завысока каб нехта з варон вырашыў траціць свой час і энергію ў мароз і ўздымацца на такую ж вышыню. Ды і небяспекі ад яго ў гэтым выпадку для варон яўна не было.
Гродна, 19-02-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ