На жаль, на даступнай мне частцы берагу Нёмана я ведаю толькі два куста чырвонай бузіны (Sambucus racemosa): адзін вялікі і параўнальна стары, які знаходзіцца ў месцы, якое я назваў 'фотазонай' (падрабязней пра яго ТУТ). Аднак на ім сёлета вельмі мала ягад. Другі ж нізкі, малады кусцік з мноствам ягад знаходзіцца на схіле недалёка ад першага куста, небачны з першага і магчыма таму і не зацікавіў ніякіх птушак сваім ураджаем.
Розныя віды наведваюць стары куст у пошуках ежы, але найбольш цікавая з іх для мяне шэрая леска (Sylvia communis). Справа ў тым, што убачыць гэты від, які любіць хмызнякі і не любіць сядзець нават на іх адкрыта, не так проста. А вось калі яны прылятаюць на бузіну, часам шанцуе паназіраць не толькі як яны спажываюць ягады, але і іншыя паводзіны больш адкрыта:
Зразумела, што калі птушка ўжо негалодная - праглынула нейкую колькасць ягад, для яе можа быць важным даследаваць навакольле куста з ежай - можа там знойдзецца іншая ежа, або нейкія ўкрыцці ці нават вада? І хаця ўнутры куста лескі працягваюць рухацца амаль незаўважна, калі адлятаюць з яго, іх нашмат лягчэй назіраць:
Даволі хутка, за лічаныя дні, ягады бузіны былі з'едзеныя і цяпер каб ізноў убачыць шэрых лесак, трэба каб моцна пашанцавала.
Гродна, 24 і 28-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ