У самым пачатку 'кармлення ў палёце', маладыя вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) адкрылі для сябе выдатнае месца адпачынку і чакання - драўляную надбудову над дахам карчмы на беразе Нёмана. Што гэта быў пачатак менавіта гэтага часу, калі маладыя птушкі пачынаюць лятаць за дарослымі і прасіць ежу, а ўжо не чакаюць іх на стацыянарных прысадах, я здагадаўся праз некалькі хвілін назіраняў за гэтым вывадкам. Па-першае, яны хаця і сядалі туды адпачываць, але рабілі гэта заўсёды на адлегласці адна ад адной, а не як раней - некаторыя птушаняты вельмі блізка да сябе. Па другое, за некалькі хвілін дарослая птушка толькі аднойчы прынесла ежу і перадала з дзюбы ў дзюбу маладой, якая сядзела на прысадзе - усе іншыя разы гэта адбывалася ў паветры пад час выпрошвання і палёту за дарослымі. А тое, што часам асобныя ластаўкі з моладзі сядалі адпачываць, як раз сведчыла пра іх яшчэ слабыя здольнасці да актыўнага палёту нараўне з дарослымі, пад час якога яны і атрымлівалі сваю порцыю ежы калі маглі дагнаць бацьку або маці і нейкі час ляцець тым самым курсам і з такой самай хуткасцю побач.
Месца ж для адпачынку было выбрана выдатна, бо на ім адпачывалі нейкі час яшчэ і ластаўкі-зямлянкі (Riparia riparia), а таксама дарослыя птушкі - 'небацькі' гэтага вывадку, бо не перадавалі ім ежу нават калі сядзелі побач. Ды і моладзь у іх нічога не выпрошвала - ведала і пазнала, што гэта чужыя (два апошніх здымка). Месца было на беразе ракі, адкрытае з усіх бакоў і не вельмі высокае, і не вельмі нізкае, але забяспечвала выдатны агляд як патэнцыйных драпежнікаў, так і падлёту, ці хутчэй пралёту, бацькоў з ежай побач.
Паназіраўшы за ўсім гэтым, я думаў, што вяртанне - г.зн. з перыяда перадачы ежы ў паветры назад, да перадач на прысадзе, немагчымае. Але аказалася, што я памыляўся. І пра гэта будзе асобная фота-гісторыя...
Гродна, 04-07-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ