Птушкі чакаюць нас: PanEuropean Birdwatch-2019 адбудзецца 06.10 і на Гарадзеншчыне

У 18-ты раз Гродзенскае абласное аддзяленне ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) запрашае гарадзенцаў з любым узроўнем падрыхтоўкі, і асабліва сем’і з дзеткамі і падлеткамі, далучыцца да ПанЕўрапейскіх дзён назіранняў за птушкамі, якія ў апошнія гады адначасова адбываюцца ў 40 краінах нашага кантыненту.

У нядзелю, 6 кастрычніка, ужо традыцыйна, адбудзецца палявая экскурсія ў заказнік “Гродзенская Свіслач”на р.Нёман і бліжэйшае вадасховішча (Гродзенскі раён, пр. 30 км на поўдзень ад Гродна). Там можна будзе назіраць за міграцыяй вераб’іных птушак, а таксама розных качак (свіцьваў, крыжанак, чубатых ныркоў і ныркоў-сівакоў, лапаносак, чырак), вялікіх і малых коўраў, шэрых і вялікіх белых чапляў, кнігавак і іншых кулікоў– усяго мы плануем адзначыць каля 50 відаў птушак, паказаць іх і распавесці чым яны адрозніваюцца ад падобных відаў.

Важнай справай для захавання прыроды ў заказніку “Гродзенская Свіслач” будзе знішчэнне чужародных відаў раслін – ясенелістнага клёна і канадскага сумніка (залатарніка) вакол т.зв. Дзякалавіцкай затокі. Калі ў Вас ёсць магчымасць, калі ласка, вазьміце з сабой рабочыя рукавіцы і садовыя секатары.

Каб назіранні адбываліся цікавей і больш карысна, у нас будуць для выкарыстаня пад час экскурсіі трубы і біноклі, а таксама вызначальнікі і дасведчаныя гіды-бёдуотчары.

людзі

Пад час абеду, які падвядзе смачную рысу экскурсіі, будзе сумеснае смажанне каўбасак і іншыя палявыя прысмакі. Таму для іх папярэдняга закупу трэба пацвердзіць свой удзел у экскурсіі, магчымасць выкарыстання ўласнага аўтамабіля і колькасць вольных месцаў у ім на маб. тэл. +375 336 887589 (Дзьмітры Вінчэўскі) да 17.00 суботы, 05.10.2019.

Кошт палявога абеду аднаго дарослага – 7 рублёў, дзетак старэйшых за 5 гадоў – 5 руб.

Выезд у 9.30 са стаянкі каля будынку малодшых класаў былой школы №1 на вул. Падольная насупраць дому №8 (паміж запраўкай і будынкам БІП). Вяртанне ў горад каля 15.00.

Каб экскурсія прайшла прыемна, не забудзьце ўзяць адзенне, адпаведнае зменліваму кастычніцкаму надвор’ю (звычайна зранку можа быць холадна, а ў абед – сонечна і цёпла), зручны палявы абутак (красоўкі ці невысокія гумовікі для мокрай травы).

Тэрмас з гарачым напоем не будзе лішнім.

 

Здымкі з мінулых дзён назіранняў птушак Дзьмітрыя Вінчэўскага