Надзвычай ранняя інвазія палярных чаек у Еўропу павялічвае імавернасць сустрэчы віда і ў Беларусі?

На сённяшні дзень для нашай краіны вядомая толькі адзіная рэгістрацыя палярнай чайкі (Larus glaucoides), якая адбылася на пачатку вясны 2019 году на ўскрайку Мінска. Аднак зусім нядаўняе паведамленне пра вельмі раннюю інвазію віда на поўдзень з паўночна-заходняй часткі Атлантыкі дае надзею на новую сустрэчу – ці нават сустрэчы? - віда і ў Беларусі.

У пачатку снежня бёрдэры паведамілі пра прыкладна тысячу палярных чаек, адзначаных на астравах Faroe за апошнія дні.

Падобна як у іншых частках паўночна-заходняй Еўропы – напрыклад, у Ірландыі і Брытаніі, на астравах Faroe палярныя чайкі звычайна рэгіструюцца ў больш-менш значнай колькасці толькі на прыканцы зімы, у лютым. Таму такое ранняе і значнае па колькасці з’яўленне віда ў самым пачатку зімы можа прадвяшчаць выключную для назіранняў віда і сезон, і надыходзячы год.

Параўнальна вялікая колькасць чаек на астравах Faroe звычайна карэлюе з вялікай колькасцю рэгістрацый віда ў Вялікабрытаніі. Так было, напрыклад, зімой 2011-12 гг, калі палярныя чайкі пачалі адзначацца на Шэтландзкіх астравах у пачатку студзеня 2012 г. і рэгістраваліся далей на поўдзень ажно на пачатку вясны. Тады, 9 сакавіка, і быў пастаўлены рэкорд ў колькасці адзначаных асобін – ажно 88 палярных чаек было на ўзбярэжжы вострава Lewis, Outer Hebrides. Той зімой на астравах Faroe першыя чайкі адзначаліся на прыканцы года і іх колькасць значна павялічылася ў студзені, калі рэгістравалі нават да 4 тысяч птушак.

--------------------------------------------------------------------

У гэтым годзе мы цалкам “прапусцілі” маштабную інвазію ружовых шпакоў на поўнач і захад ад асноўнага арэала віда, таму будзе крыўдна, калі прапусцім і магчымасць убачыць наступных палярных чаек.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак – Ірыны Самусенка

 

 

 

На гэтую тэму:

У Мінску адзначаны новы для Беларусі від птушак– палярная чайка!

Інвазія соваў-бярозавак у некаторых краінах Еўропы

Інвазія ружовых шпакоў у Еўропу і першае гнездаванне віду ў Францыі