У Еўропе адбываецца чарговая інвазія ружовых шпакоў

У другой палове мая пачалася чарговая інвазія ружовых шпакоў (Paster roseus) на захад і поўнач ад месцаў асноўнага распаўсюджання – г.зн. галоўным чынам у Заходнюю Еўропу. Сотні птушак ужо адзначаны ў Францыі і Гішпаніі ў апошнія дні, але не толькі там. Адзінкавыя сустрэчы віда адбыліся, напрыклад, таксама ў Вялікабрытаніі і ў Польшчы.

У параўнанні з папярэднімі масавымі налётамі віда з 2018 і 2020 гг, сёлета інвазія адбылася трошкі пазней. Хутчэй за ўсё гэта звязана з параўнальна халоднай і позняй вясной у многіх частках Еўропы ў гэтым годзе.

Маштабы сёлетняй інвазіі яшчэ цяжка ацэньваць, бо яна толькі пачалася. Аднак вялікія чародкі птушак на прыканцы мая ўжо былі адзначаныя на поўдні Францыі і на поўначы Гішпаніі, прычым самая вялікая група птушак налічвала як мінімум 400 ружовых шпакоў – яе зарэгістравалі на італьянска-французскай мяжы ў той жа час. Гэта значыць, што колькасць птушак ужо пераўзышла інвазію віда ў 2018 годзе і можа стаць больш маштабнай за мінулагоднюю, бо хутчэй за ўсё варта чакаць на большую колькасць шпакоў у бліжэйшыя тыдні. Мінулагодняя інвазія віда была адной з самых маштабных і ў выніку прывяла да першага гнездавання віду ў Францыі.

Агульная лічба ружовых шпакоў, адзначаных да пачатку чэрвеня ў Францыі ўжо ацэньваецца чатырохзначнай лічбай, у Гішпаніі лік яшчэ ідзе на сотні. Там большасць птушак бачылі ў Каталоніі, аднак некаторыя ўжо адзначаныя і ў Кантабрыі.

Пакуль адзіная рэгістрацыя віда ў Польшчы адбылася (гл. здымак) на ўсход ад Ольштына на паўночным усходзе краіны ў Вармінска-Мазурскім ваяводзтве 23.05.2021, што параўнальна далёка ад нашых межаў. На Брытанскія астравы першыя ружовыя шпакі даляцелі таксама ў апошнія дні мая, максімальная групка налічвала 5 асобін, найдалей на поўнач шпакі адзначаны ажно на Знешніх Гібрыдах і на астравах Scilly (Шатландыя).

Нагадаем, што ў Беларусі вядомыя толькі 2 сустрэчы віда: першая адбылася ў мае 1894 ці 1895 году пад Пінскам, а другая 26.05.1979 году ў Мастоўскім раёне (Гричик, Бурко, 2013). Зразумела, што ў годы інвазій імавернасць убачыць від у нас значна павялічваецца.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Выкарыстаныя дадзеныя з кнігі В.В.Гричик, Л.Д.Бурко “Животный мир Беларуси. Пoзвоночные” Мн. -2013 – 399 ст.

Здымак Ганны Паморскай

 

 

На гэтую тэму:

Інвазія ружовых шпакоў у Еўропу і першае гнездаванне віду ў Францыі